НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЗАЦЕМКІ ПРА ТВОРЧАСЬЦЬ МУЛЯВІНА І КУПАЛЫ

ЗАЦЕМКІ ПРА ТВОРЧАСЬЦЬ МУЛЯВІНА І КУПАЛЫ

Уладзімер Мулявін напісаў геніальную опэру "Песьня пра долю". Магутная музыка. Выдатная пастаноўка Ларысы Сімаковіч. Дасканалы хор, аркестар і выканаўцы, артыстызм, прыгожыя галасы.

            Тым ня менш, пасьля лекцыі пра творчасьць Мулявіна, прачытанай Галінай Пазьняк у Саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку і дэманстрацыі відэозапісу опэры, прышлося чуць тыпова савецкія ацэнкі. Савецкая акупацыйнае школьніцтва (якое сёньня засталося) і савецкая прэпарацыя культуры засела глыбока ва ўяўленьнях людзей пра мастацтва. Купала шмат дзе да сёньня ўспрымаецца па савецкіх сацыяльных схемах, якія прадстаўлялі беларусаў як мужыкоў, сялян, апісвалі іх цяжкое гаротнае жыцьцё, пакорнасьць лёсу і ніякіх пэрспэктыў -- толькі цягнуць лямку паднявольнай працы. Цяпер такое чуць дзіўна, але здараецца.

            Тым часам вынік Мулявінскага захапленьня Купалам, калі сказаць коратка, у тым, што геній Мулявіна зразумеў, адчуў і глыбока ўвасобіў у музыцы сусьветны, касьмічны геній Янкі Купалы.

            Драматычныя паэмы Купалы, напісаная пад уплывам сімвалізму. Яны фармальна сацыялізаваная па форме сюжэту, але выяўляюць агульныя сутнасьці чалавечага лёсу ў змаганьні са злом і цяжкасьцямі жыцьця. "Мужык" Купалы -- гэта сусьветны вобраз трагічнага існаваньня і змаганьня чалавека з невыноснымі абставінамі рэчаіснасьці.

            У "Адвечнай песьні" Мужык гіне, але пасьля сьмерці зноў зьяўляецца ў жыцьцё з таго сьвету, каб паглядзець, што перамянілася. Бачыць, аднак, што нічога не перамянілася і вяртаецца назад. Жыцьцё Мужыка пабудавана так цяжка, што яно ня вартае існаваньня. Чалавек жа годны лепшай долі і лепшага жыцьця. Такая ідэёвая выснова твора Купалы. (Падкрэсьлю тут ізноў характэрную стылістыку сімвалізму.)

            Тым часам, усёй сваёй творчасьцю, дзе сімвалічна пераплецены  калізіі сьмерці і змаганьня, Купала выступаў як Прарок барацьбы і Адраджэньня, сэнс якога -- ісьці "на вялікі сход па Бацькаўшчыну", узвысіцца над абставінамі, дзе "Бітва йдзе сусьветна між сьвятлом і Апраметнай", клікаў біць "У буры гром пад звон кайдан".

            Гэтая канцэпцыя сьвету ў змаганьнгі за долю прагучэла з першага ж верша Купалы "Мужык", надрукаванага ў 1906 годзе ("Я буду жыць, бо я мужык").

            Нагадаю яшчэ ісьціну, пацьверджаную гісторыяй чалавецтва. Ва ўсіх грамадзтвах найбольш здаровай, маральнай і творчай сацыяльнай групай людзей зьяўляецца сялянства. Усе эпасы, фальклёр, ужытковае мастацтва, народная музыка, паэзія, песьні і танцы, народная філасофія створаны сялянамі. Ня кажам ўжо пра нацыянальную мову, якая разьвіваецца на працоўных нізах грамадзтва, і гэтая народная моватворчасьць заўсёды ёсьць першасная, прыярытэтная перад літаратурай.

            Янка Купала меў анталагічнае, цывілізацыйна-гістарычнае разуменьня селяніна, як стваральнага чалавека на Зямлі, лёс якога трагічны, бо стваральнік безабаронны.

            Вось гэтым перапоўнена ўся творчасьць Купалы. Нават жарты і пакепліваньне Паўлінкі з Адольфа Быкоўскага нясуць адбітак такога сутнаснага разуменьня. (Гэта калі Паўлінка кажа:  "Калісь былі ўсе мужыкі, ну дык цяпер кожны чалавек мужыцкага роду, хоць каторы і прыкідваецца панам ці графам.  Адам і Ева і то былі мужыкамі".)

            Селянін ў творчасьці Купалы  ня толькі стваральнік грамадзкага багацьця, але ўвогуле заснавальнік цывілізацыі, на ім трымаецца сьвет. Гэтая вобразная метафара, гэты тыпалагічны погляд на селяніна цалкам адпавядае, дарэчы, навуковаму асэнсаваньню разьвіцьця чалавецтва. Самай вялікай рэвалюцыяй у гістарычным існаваньні людзей быў пераход да аседлага вобрвзу жыцьця, да працы на зямлі. Фактычна, ад гэтага пачалося цяперашняе чалавецтва.

            Вядома, калі меркаваць сацыяльна-палітычнымі катэгорыямі, то зразумела, што кансэрватыўнае па прыродзе сялянства ня тая сіла, якая можа рэвалюцыйна зьмяніць грамадзтва. Тым часам з сялянства можа выйсьці нацыянальная інтэлігенцыя. На гэта спадэяваліся дзеячы Беларускага Адраджэньня. Але на пачатку -- разьняволены дух. У гэтым  скразная роля літаратуры Купалы.

            Геній Купалы магутны. Ягоны "Мужык" -- ня толькі працаўнік на зямлі. Гэта ёсьць чалавек Зямлі, які ўсьведамляе сваю ролю і трагедыю існаваньня.

            Уладзімер Мулявін усё тое ўвасобіў у сваёй опэры "Песьня пра долю". Адпаведнае, моцнае і глыбокае прачытаньне творчасьці вялікага паэта.

            Савецкі сацыялагізм, мяркуючы па антыкультурных абставінах цяперашняга часу, будзе яшчэ доўга блытацца пад нагамі ў ацэнках вялікай літаратуры, творчасьці і праяваў духу. Але,  кажучы словамі іншага беларускага генія -- Максіма Багдановіча, "Супраць цячэньня вады можа толькі жывое паплыць". І яно плыве.

 

8 кастрычніка 2018 г.                                Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: