НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЗАЦЕМКІ Ў ЧАС ПАНДЭМ

ЗАЦЕМКІ Ў ЧАС ПАНДЭМ

СТАТЫСТЫКА. Пандэмія ахоплівае сотні краінаў. У такіх умовах вялікае значэньне мае параўнальны статыстычны аналіз. Схаваць фальсіфікацыю ў лічбах ва ўмовах пандэміі, практычна, немагчыма.

З аналізу вынікае, што афіцыйная колькасьць інфікаваных ў Беларусі, і асабліва колькасьць памерлых, заніжана ў сярэднім у 10 разоў. Магчыма, рэальнасьць яшчэ страшнейшая. На 30-ы красавік колькасьць рэальна памерлых каля 1000 чалавек.

КАМБІНАВАНАЯ АТАКА. Зьвяртае на сябе ўвагу асаблівая дзейнасьць забойцы людзей. У адзін час адбываецца: Эпідэмія Ковід-19 і адмаўленьне ім яе існаваньня (нератаваньне народу), ліквідацыя радыёактаўнай трыццацікілёмэтравай Чарнобыльскай зоны і ўвядзеньне ў сельгасабарот радыёактыўных земляў Чарнобыльскай зоны, запуск тэхналягічна недапушчальнай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Такім чынам адбываецца сістэмны аднамамэнтны змасаваны ўдар па Беларускай нацыі. Выканаўца -- Лукашэнка.

(ЗАЎВАГА. Нават калі злачынцу зараз арыштаваць, суд можа не адбыцца: у забойцы існуе зафіксаваны дыягназ псіхічна хворага. Калі адвакатам ўдасца даказаць, што ў яго мазаічная форма не псіхапатыі, а шызафрэніі (межы тут размытыя), то ў дурнях застанецца ўсё грамадзтва, якое яшчэ будзе змушана лячыць злачынцу за дзяржаўны кошт.)

РОЛЯ РПЦ. Наступны характарыстычны момант. Пад націскам сатрапа асноўнай пляцоўкай і рухавіком каранавіруснай заразы стаў праваслаўны аддзел КГБ -- Расейская праваслаўная царква. Дзейнасьць яе па заражэньні людзей стымулявана Лукашэнкам і ў прынцыпе зьяўляецца злачынствам супраць чалавецтва. Аднак у зоне існуючай улады адсутнічае заканадаўства па ацэнцы гэтага крыміналу. У выніку ў пачатку траўня чакаецца ўспышка захворваньняў, справакаваных РПЦ на Радаўніцу і Вялікдзень. Яна ўжо пачалася.

(ЗАЎВАГА. Трэба ўлічыць, што ў закрытым памяшканьні, запоўненым людзьмі, вірус доўга захоўваецца ў паветры. Я ўжо не кажу пра антыгігіенічныя перажыткі, што захаваліся ў праваслаўнай царкоўнай службе. Абгрунтаваньне антылюдзкіх заразных дзеяньняў робіцца тут сьвятарамі РПЦ на ўзроўні разумовага разьвіцьця Лукашэнкі і на ўзроўні самага цёмнага сярэднявечча. Прытым заражэньне і сьмерць праваслаўных епіскапаў і сьвятароў у Баларусі і ва Ўкраіне ніякім чынам ні прымушае царкоўны клір зьмяніць паводзіны.)

ФЭНАМЭНЫ. Пандэмія выявіла шмат якія фэнамэны паводзінаў людзей, якія ў звычайным жыцьці добра вядомыя, але не выклікаюць акцэнтаванай увагі. У Амэрыцы ёсьць асобы, якія дэманструюць за свабоду супраць карантыну (і гэта ў ЗША -- цэнтры сусьветнай пандэміі). Адна кабета нават распранулася супраць карантыну дагала і трэсла сваімі формамі, адмаўляючы эпідэмію. Паліцыя забрала ў псіхушку.

Фэнамэн дурняў самы распаўсюджаны і зразумелы ўсім. Але (асабліва ў Беларусі) цяжка зразумець людзей (адукаваных і ня цёмных), якія бачаць перапоўненыя шпіталі, сьмяротнасьць медпэрсаналу і лекараў, што валяцца з ног, працуючы кругласутачна, бачаць мноства сьвежых магіл на могілках, бачаць захворваньні і сьмерць суседзяў, і пры гэтым кажуць, што ніякай эпідэміі няма, што тут, маўляў, псіхоз, што карантынаў ня трэба -- давайце жыць звыклым жыцьцём. Размова тут ня йдзе пра кіроўнага забойцу і вар’ята, але пра іншых здаровых людзей, якія кажуць і паўтараюць вар’яцтва.

Урэшце іх самых хапае каранавірус і яны паміраюць, як тыя сьвятары РПЦ, перакананыя, што эпідэміі няма.

Магчыма, тут паталагізацыя ідэалёгіі. Я тлумачу гэта, аднак, асаблівым складам розуму -- тупіковай сьвядомасьцю (пра што неаднаразова пісаў). Гэта зьява, якую трэба ўлічваць.

СІНДРОМ АБСАЛЮТНАЙ АЎТАРЫТАРНАЙ ЎЛАДЫ. Самым небясьпечным фэнамэнам, які праілюстравала пандэмія для беларусаў, -- гэта сіндром абсалютнай аўтарытарнай улады. Цяпер, відаць, шмат хто зь беларусаў убачыў і зразумеў тое, чаго не разумеў з напісанага. Абсалютная аўтарытарная ўлада заўсёды спараджае паталагічныя формы кіраваньня і здольная ператварыць любое грамадзтва ў бязвольны натоўп разьяднаных людзей з неадэкватным успрыняцьцем рэчаіснасьці.

Другі фэнамэн, які яшчэ патрабуе тлумачэньня -- трымальнікамі абсалютнай аўтарытарнай улады, як правіла, робяцца паўвар’яты, людзі з адхіленьнямі ў псіхіцы і сьвядомасьці, з паталагічным імкненьнем кіраваць людзьмі, вырашаць лёс грамадзтва і лёсы людзей (Ленін, Гітлер, Сталін, Мусаліні, Пол-Пот, Кадафі, Лукашэнка і т.п., ня кажам ўжо пра Азію і гісторыю). Прытым паўвар’яты якраз стваралі сабе самы вялікі татальны культ у грамадзтве разбурэньня нацыі і асобы. Мяркую, таксама, што перш чым адбудуцца перамены, шмат што нашым людзям прыдзецца пераасэнсаваць, каб убачыць сьвет у рэальнасьці.

САЦЫЯЛЬНАЯ ПАРАНОЙЯ. Самы незвычайны фэнамэн застаецца нібыта за рамкай пандэміі, але прысутнасьць яго ў сьвядомасьці "зашкальвае".

Як магло стацца, што разумны, разьвіты народ з тысячагадовай эўрапейскай гісторыяй і культурай узначаліў адсталы, малакультурны хам, які адкрыта кажа пра нянавісьць да гэтага народа, зьневажае яго, абзывае, да ўсіх гаворыць на "ты", абплёўвае яго культуру, мову, зьнішчае лепшых людзей, узбуджае нянавісьць паміж беларусамі і 26 гадоў незаконна ўзначальвае краіну ды яшчэ ўхваляецца гэтым абпляваным ім народам? Прытым, гэта ня Азія, а цэнтар Эўропы, эўрапейскі народ, цывілізаванае грамадзтва.

Вось дзе будзе пляцоўка для сацыяльных дасьледваньняў будучыні. Мне здаецца, што я гатовы адказаць на пытаньне, але ня варта сьпяшацца, бо кожны павінен падумаць і адказаць сабе сам.

 

30 красавік 2020 г.                                                         Зянон Пазьняк

Дадаць у: