НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЗЛАЧЫНСТВА ЗАЛЕЖНАСЬЦІ

ЗЛАЧЫНСТВА ЗАЛЕЖНАСЬЦІ

(Ліст сябрам Народнай Партыі)

Калі нарвэжская кампанія Яра (Yara) пад ціскам Эўразьвязу аб’явіла, што спыняе да 1-га красавіка адносіны і гандаль зь "Беларуськаліем", то на абліччах групнікаў газпрам-апазыцыі засьвяцілася шчасьце -- яны запісалі гэта на свой рахунак і палічылі, што дамагліся свайго, бо дакучалі Яры словаблудствам ўвесь час, каб абрэзаць гандаль зь Беларусяй. "Гэта пазіцыя беларусаў, я раблю гэта дзеля іх", -- важна казала Сьвятлана нарвежцам. І вось Яра пад уплывам Брусэля і на шкоду сабе рашылася на разрыў.

Шчасьлівая Сьвятлана Ціханоўская (якая ўвайшла ў ролю), усур“ёз заявіла, што «Yara зможа вярнуцца да партнэрства з прадпрыемствамі новай Беларусі».

Яра -- ня самы моцны партнёр "Беларуськалія", але ўсё ж такі, калі абапірацца на камэрцыйную выгаду ды на сумленьне, ды калі ведаць і разумець, што адбываецца ў Беларусі, то так рабіць было ня варта і ня хораша, тым больш, што Нарвэгія не належыць да Эўразьвязу.

Праўда, Яра яшчэ крыху нібы вагаецца, але групнікі -- у захапленьні. Магчыма, ім здаецца, што яны асабіста ўвагналі цьвічок ў дамавіну Беларусі. І нельга сказаць, што яны ня ведалі, не разумелі, што рабілі.

І цяпер уявім іх поўнае шчасьце -- гэта значыць, калі б ворагі Беларусі начыста ўгробілі "Беларуськалій". Найперш -- гэта быў бы поўны крах горада Салігорска (110 тысячаў насельніцтва). Увесь горад, уся інфрастуктура, уся яго сацыяльная сістэма, абслуга, культура, медыцына, школа, уся праца людзей завязана на калійнае прадпрыемства, на якім працуе 20 тысячаў працоўных (зьвесткі на 2010 год). І яны таксама апынуліся б бяз працы на вуліцы. (Было б з чаго парадвацца прамаскоўскім самагубцам.)

Сумесныя дзеяньні Пуціна і Лукашэнкі па падрыхтоўцы інвазіі ў Казахстан яшчэ раз праілюстравалі для самых някемлівых, што ніякія санкцыі Лукашэнку ня зваляць. Лукашэнка прыліп да "мудрага" Пуціна, як пабіты слуга, як карысны халуй, гатовы на ўсё: на агрэсію, здраду, на чужую вайну. Тым больш, што яны, здаецца, знайшлі адзін аднаго, маўляў, пасьля нас -- хоць патоп.

Санкцыі ўвогуле не ліквідуюць улады дыктатараў і тэрарыстаў. Яны толькі гробяць дзяржаву, краіну і народ. Гісторыя стоадсоткава тое пацьвярджае.

Вось сьвежы прыклад -- Аўганістан. Талібы выгналі амэрыканцаў і ўсіх эўразьвязаўскіх саюзьнікаў. Як помсту Захад заблякаваў гандаль і ўсе банкаўскія рахункі аўганцаў (фірмаў і людзей), увёў санкцыі і блакаду Аўганістана.

На сёньняшні дзень у Аўганістане -- голад. Галадае палова насельніцтва краіны, мільёнам людзей ня стала чаго есьці, галадаюць дзеці ў халодных школах, хворыя ў халодных шпіталях. Людзі, каб сагрэцца, нават разьбіраюць і паляць пабудовы. Гуманітарная катастрофа.

Генэральны сакратар Аб’еднаных Нацыяў Антоніу Гутэррыш узьняў свой голас, заклікаючы ратаваць аўганцаў. Неабходна мінімум пяць мільярдаў даляраў, каб на нейкі час падтрымаць людзей.

І талібам нічога ня сталася. Яны як уладарылі ў краіне, так і ўладараць. (Дарэчы, паўтаруся, талібы не ваююць за іслам ва ўсім сьвеце. Яны стаяць за Аўганістан. У іх аўганская пазыцыя.)

Калі я гляджу на гэтых групнікаў, што атабарыліся ў Вільні, на іхныя халяўна-гламурныя постаці і позы, у мяне заўсёды ўзьнікае думка: навошта іх утрымлівае ў Вільні ўрад Летувы? Чаму не адмаўляецца ад падтрымкі гэтых русафільскіх паліттурыстаў (якім начхаць на лёс беларускай нацыі і нацыянальнае адраджэньне)? Ці ўлады сапраўды ня бачаць, як тырчаць там "мудрыя" пуцінскія вушы? Ці, можа, палітыкі ў Вільні не разумеюць рэальнасьці? Загадка.

Усё, што зрабілі летувісы з эўрасанкцыямі, -- гэта найперш нашкодзілі сабе (панесьлі вялікія эканамічныя страты) і потым – нашкодзілі беларусам (таксама вялікія эканамічныя страты).

Пытаньне -- чыя гэта такая экстравагантная палітыка? Каму тут выгада?

Такая рэальнасьць. Прытым гэтая рэальнасьць пад уплывам "мудрага" Пуціна можа (нечакана і на ўзьдзіў "экспэртам") на працягу трох гадзін абярнуцца, скажам, "калінінградзкім калідорам" і анэксіяй тэрыторыі. І наўрад ці НАТО ўступіцца. Такі час. Такія людзі кіруюць уладай.

Я даўно засьведчыў, што (пры добрай зьмене абставінаў у Беларусі) шкода, якую зрабіла ў цяжкім часе для краіны групоўка вакол Ціханоўскай-Латушкі, шкода гэтая ім ніколі ня сыйдзе з рук. Іхныя паняцьці пра палітыку і рыторыка -- гэта фальшывая зьява, падмена ідэалаў нацыянальнага змаганьня і свабоды нацыі каланіяльным дабрабытам -- «страной для жизьни», -- прамаскоўскі тупік. Адказваць будуць разам з Лукашэнкам.

Яны дэманструюць і кажуць за Беларусь, але за Беларусь у залежнай (нэакаланіяльнай) сістэме адносінаў з Расеяй. Вось у гэтым ёсьць іх прарасейская сэрвільная сутнасьць. Тут і "рускі язык", і "двуязычыя» і русіфікацыя. Яны не адмаўляюцца ад расейскай залежнасьці, не змагаюцца за свабоду ад расейскага імпэрыялізму. Яны думаюць, што будуць існаваць разам з ворагам, выконваючы ягоная патрабаваньні, і ён ім дазволіць жыць.

Шмат чаго яшчэ беларусы даведаюцца пра гэтую прамаскоўскую групку, узьнятую на шчыт прапагандай. Важна будзе, аднак, зразумець што сітуацыя "Абы не Лукашэнка" не павінна больш паўтарыцца.

 

14 студзеня 2022 г.                Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: