НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Зласьлівая заява Фрыка

Зласьлівая заява Фрыка

Немцы паказваюць сябе ў Беларусі ня зь лепшага боку. Пасьля сумнавядомага Ганса Віка (якому дэмакратычны Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух прапанаваў пакінуць Беларусь за антыбеларускую дзейнасьць) цяпер часта прыязджае сюды Ута Цапф (кіраўніца Рабочай групы АБСЭ па Беларусі) і штурхае “апазыцыйных дэмакратаў” ісьці на палатныя выбары і рэфэрэндум пра трэці тэрмін Лукашэнкі. Назіраючы гэтакую дзейнасьць, прыходзіш да думкі, ці не чакае фрау Уту Цапф такі ж самы лёс, што і Ганса Віка.

Арыгінальны фокус уштукаваў пад заслону сваёй кадэнцыі амбасадар Нямеччыны ў Беларусі спадар Гэльмут Фрык. 30-га чэрвеня, разьвітваючыся зь Беларусяй, Фрык правёў акцыю “ў знак 60-годдзя вызваленьня Беларусі” (гэта значыць у сувязі з заняцьцем Менска Савецкай арміяй 3-га ліпеня 1944 г. і вяртаньнем расейскіх бальшавікоў на Беларусь). Нямецкі амбасадар усклаў вянок ля мэмарыялу Яма, створанага на месцы менскага гета, а потым паехаў ... не, не ў Хатынь, дзе скрупулёзна пазначана, колькі мільёнаў мірных беларусаў забілі ў вайну нямецкія фашысты і колькі вёсак спалілі разам зь людзьмі. Фрык паехаў ускладаць вянкі ў Курапаты. Тут Фрыка можна зразумець. Генацыд беларусаў тварылі ня толькі немцы. Расейцы – таксама. Усе ахвяры генацыду годныя вечнай памяці. Але тое, што сказаў Фрык у Курапатах, высьвятляе сапраўдныя матывы ягонага “вянкаўскладаньня”.

Скажу адразу: за ўсю пасьляваенную гісторыю Беларусі да такой несправядлівасьці яшчэ ніхто з замежных дзеячоў не апускаўся. Мяркуйце самы: “Мы лічым, — выступае Фрык, — што былы Савецкі саюз сваю гісторыю таксама павінен больш падрабязна прааналізаваць і зрабіць яе вядомай. І асабліва я гэта гавару тут, знаходзячыся ў Курапатах. Паколькі Беларусь была часткай Савецкага саюза, то і яна таксама нясе і частку адказнасьці за гісторыю былога Савецкага саюзу і ўсе нехарошыя бакі гісторыі. Таму я тут знаходжуся і праводжу гэтую акцыю...” (Цытата: “Белорусский рынок”, — 2004, 12-19 ліпеня)

Вось гэта арыгінал, Гэльмут Фрык! Вось гэта сказаў. Аказваецца не расейскія акупанты, не расейскія бальшавікі, не расейскае НКВД, не забойцы і не арганізатары тэрору вінаватыя, а самы беларусы. Маўляў, самы сабе (відаць, ад няма чаго рабіць) наладзілі генацыд. У дадатак самы беларусы (відаць, асабліва тыя, якіх расейцы загналі ў магілу) “нясуць частку адказнасьці” “за ўсе (!) нехарошыя бакі гісторыі” СССР.

Цяпер зразумела, чаму па надуманай прычыне нямецкі амбасадар абмінуў Хатынь. Па лёгіцы Фрыка, трэба было сказаць, што ня немцы, а самы беларусы вінаватыя ў спаленьні сваіх вёсак, у вынішчэньні людзей і нясуць частку адказнасьці за гісторыю гітлераўскай Нямеччыны, бо жылі пад яе акупацыяй і былі часткай нямецкай акупацыйнай сістэмы.

Заява нямецкага амбасадара Гэльмута Фрыка ў Курапатах зьяўляецца спэцыяльным эксклюзіўным выказваньнем афіцыйнай асобы (ён сам гэта падкрэсьлівае) і таму (трэба разумець) выяўляе ўзгоднены пункт гледжаньня Міністэрства замежных справаў і Ўраду Нямеччыны.

Тым часам, аднак, гэтая заява ёсьць кашчунства на сьвятым месцы. Ахвяры генацыду, які праводзіць чужая акупацыйная ўлада, ня могуць быць вінаватымі ў сваёй сьмерці, акупаваная краіна і паняволены народ не нясуць адказнасьці за дзеяньні акупантаў. (Гэта засьведчыў, між іншым, Нюрнбэргскі працэс і распад СССР.)

Заява амбасадара Фрыка ёсьць нелягічная, паклёпніцкая на беларускі народ і зьняважлівая для пакутлівай памяці мільёнаў беларусаў. Выказваньне носіць правакацыйны характар.

Можна толькі выказаць шкадаваньне, што афіцыйная асоба Нямеччыны зрабіла гэтакую безадказную заяву, тым больш у такім трагічным і сымвалічным для беларусаў месцы, як Курапаты. Прачытаўшы словы амбасадара Фрыка, у мяне закраліся сумненьні, ці так ужо шчыра раскаяліся немцы за тое, што натварылі на Беларусі іхныя гітлераўскія бацькі і дзяды.

Ніякай афіцыйнай рэакцыі з боку рэжыму на Беларусі на выхадку Фрыка не было.

Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ выказалі рэзкі пратэст нямецкім дзяржаўным установам у сувязі з выступам і заявай амбасадара Гэльмута Фрыка.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: