НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЗМАГАНЬНЕ УКРАІНЫ

ЗМАГАНЬНЕ УКРАІНЫ

Мяркую, што трэба зьвярнуць увагу на галоўнае -- на сутнасьць канфлікту на Ўкраіне. Калі коратка, -- ідзе барацьба ўкраінскага народа супраць пагрозы ўсталяваньня прамаскоўскай дыктатуры на Ўкраіне, супраць залежнасьці ад Масквы.

Гэта такі ж працэс, які адбываўся ў Беларусі ў 1996-1999 гадах (пік супраціўленьня 1996 г.). Дзьве зьявы паспрыялі тады афармленьню прамаскоўскай дыктатуры ў Беларусі: здрада справе імпічманту Лукашэнкі з боку С. Шарэцкага і В. Ціхіні і палітыка Захаду на карысьць Масквы (найперш дзейнасьць функцыянера нямецкай выведкі, кіраўніка Менскай Місіі АБСЭ Ганса Віка і яго супрацоўніцтва з КГБ). Вынік здрады -- дзяржаўны пераварот Лукашэнкі. Вынік маскоўска-бэрлінскай палітыкі і грошай Эўразьвязу -- раскол БНФ (1999 г.) і ўмацаваньне прамаскоўскай дыктатуры.


Канец лістапада 2013 года выяўляе стандартную палітыку і ў дачыненьні да Украіны. Складваецца ўражаньне, што адмова Януковіча ад асацыяцыі з Эўразьвязам ня стала вялікай нечаканасьцю для Бэрліна. (Спэктакль ня новы. Дачыненьні з Масквой таксама). Але калі масава выступіў украінскі народ, -- на захадзе эўразоны разгубіліся і доўга ня ведалі як сябе паволзіць.


Украінскае супраціўленьне працягвалася і неўзабаве заходняя Эўропа заняла пазыцыю -- вярнулася да сваёй прывычнай дэмагогіі падтрымкі, прааналізаваўшы якую можна прыйсьці да высновы, што на Захадзе, як звычайна, усё разумеюць па-свойму. Вось нехта спадар Ёрг Форбрыг (дырэктар Фонду для дэмакратыі ў Беларусі ў Нямецкім фондзе Маршала) кажа: "Украінцы нагадалі Эўропе пра яе каштоўнасьці. Прыхільнасьць украінцаў гэтым найбольш важным каштоўнасьцям зьяўляецца магутным напамінам пра тое, чаго можа дасягнуць Эўрапейскі Зьвяз" І далей ідзе такое самалюбаваньне, маўляў, якія мы высокія і прыцягальныя для гэтых украінцаў, што выйшлі тысячамі на майдан, каб засьведчыць нам сваю пашану і злучыцца з намі такімі харошымі.


Гэтыя нямецкія разважаньні я пераказаў, каб падкрэсьліць яшчэ раз, што насамрэч робіцца з боку заходняй Эўропы. Эўракамісар Эўразьвязу Штэфан Фюле тым часам адкрыта выказаўся, што патрабаваньне адстаўкі прэзыдэнта Януковіча не павінна быць, бо з кім жа тады Эўразьвяз будзе падпісваць пагадненьне аб асацыяцыі з Украінай. Такая логіка. І яны тут непапраўныя. Прагматыкі бо. Свой інтэрас.


Так званыя дэмакратычныя СМІ паўсюль акцэнтуюць ўвагу на «эўрапейскім выбары» ўкраінцаў і амаль не заўважаюць сутнасьці, таго асноўнага, што падняло народ, прымусіла яго скандаваць «Слава Ўкраіне!», мерзнуць і начаваць на барыкадах і штогадзіны сьпяваць украінскі гімн.


Украінцы рэальна выступаюць супраць расейскай палітычнай і эканамічнай агрэсіі на Ўкраіну, супраць маскоўскага імкненьня ўцягнуць Украіну ў сваю імпэрскую арбіту, кантраляваць і падпарадкаваць. На Майдане народ прыняў заяву, што забараняе прэзыдэнту Януковічу падпісваць пагадненьне аб Мытным саюзе з Масквой. Трэба сказаць, што заява, падтрыманая паўмільённай колькасьцю народа, ёсьць такі палітычна легітымны дакумант, які нельга ігнараваць ўладзе. Украіна адстойвае свабоду і незалежнасьць. Вось тут і ёсьць зьмест украінскага змаганьня.

 

 

Дадаць у: