Зянон Пазьняк
Выступ на травеньскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі –БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”.
Змаганьне за Беларусь. Вясновы агляд.
У апошні час у міжнародным пляне шмат было чуваць пра Беларусь. Цьверджаньні і заявы афіцыйных асобаў Амэрыкі і Эўропы зводзіліся да крытыкі дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі і фразаў тыпу: “беларускі народ варты лепшай долі”. Пры гэтым гаварылася, пра гатоўнасьць дапамагчы беларускаму грамадзтву ў дэмакратычных пераўтварэньнях.
У гэтых падзеях ёсьць станоўчая тэндэнцыя, якая сьведчыць, што Захад і асабліва Амэрыка паступова пазбаўляюцца ілюзіяў і фразэалёгіі аб нібыта “дэмакратычнай Расеі".
Беларускае пытаньне па меры набліжэньня выбараў прэзыдэнта ў Беларусі становіцца актуальным. Ужо стала адчувацца рывалізацыя Захаду з Расеяй, але ў прынцыпе нічога не мяняецца. Захад працягвае кантактаваць з навязанай яму “падстаўной апазыцыяй", шчыра не разумеючы бесперспектыўнасьці гэтай палітыкі ў Беларусі. Абяцаньні дапамагаць сродкамі гэтай “апазыцыі” могуць ужо выклікаць толькі ўсьмешку. (Гэтыя каналы даўно кантралююцца КГБ, і таму сапраўды сьмешна, калі яны туды зноў зьбіраюцца даваць сродкі).
З актуалізацыяй беларускага пытаньня ў міжнародным пляне выяўляецца штораз больш грубая і варожая агрэсіўнасьць Расеі да беларускай свабоды і незалежнага выбару. Гэтыя тэндэнцыі могуць мець разьвіцьцё аж да непасрэднага ўмяшаньня ў беларускія справы, як гэта мела месца ў 1996 г. (І тут беларусы ўжо не павінны дазволіць маскоўцам выйсьці сухімі з вады.)
З унутраных падзеяў як бы нечаканай (але цалкам абумоўленай антыбеларускай палітыкай рэжыму) была ліквідацыя назвы галоўнага праспэкту сталіцы (Францыска Скарыны) ўказам Лукашэнкі. Гэта падзея значная, бо закранае сімвалічны, сакральны зьмест адносінаў да нацыянальнай культуры, зьвязаная з гонарам нацыі і па значэньню – аднаго шэрагу з публічным зьневажэньнем нацыянальнага сьцяга ў 1995 годзе, якое арганізаваў прадстаўнік рэжыму І.Ціцянкоў (які яшчэ дагэтуль не пакараны).
Матывы перайменаваньня на мой погляд больш псіхалягічнага парадку, зьвязаныя зь вясеньнім абвастрэньнем эмацыйнага стану і жаданьнем прадэманстраваць палітычную сілу рэжымнай улады, псіхічна затаптаць беларусаў у гразь, паказаць, што яны нішто, сьліна, што рэжым як захоча, так і зробіць.
Рэакцыя беларускага грамадзтва на зьневажэньне памяці Францыска Скарыны паказвае, што ў значнай ступені Лукашэнка сваёй мэты дасягнуў. Няма ні шырокай эмацыйнай рэакцыі, ні глыбокага разуменьня таго, што адбылося. Шырока не ўсведамляюць, што беларусаў у чарговы раз грэбліва зьняважылі.
Нізкі ўзровень, як заўсёды, паказаўся ў журналістыцы. Паведамленьне пра падзею на радыё “Свабода", напрыклад, вышла пад загалоўкам “Як да перайменаваньня праспэкту Машэрава ў праспэкт Пераможцаў паставіліся вядомыя людзі?” Гэта нейкае блюзьнерства – не казаць пра галоўнае, пра Скарыну, а інфармацыйным повадам рабіць імя адмоўнага пэрсанажа савецкай мінуласьці.
Тыя, хто пратэстуюць, плачуцца пра растрату сродкаў, якую пацягне перайменаваньне праспэкту і г.д. Як быццам гэта тут мае якое-небудзь значэньне. Нейкі перавернуты сьвет.
Дарэчы, трэба даўно ведаць, што сродкі, зьвязаныя з перайменаваньнем вуліц і г.д. заўсёды нязначныя. У матэрыяльным сэнсе тут няма істотных праблемаў (расходы ідуць за кошт эксплуатацыі і абнаўленьня). Сэнс перайменаваньня ў іншым і заўсёды важнейшы за сродкі (якія, паўтаруся, тут невялікія). Лукашэнка гэта разумее, а «змагайцы» зь ім блюзьнераць, хітруюць (сродкаў ім, бачыце, шкада). Людзям плюнулі ў твар, а яны абураюцца на пляваку за парушэньне гігіены.
Рэжым павінен быў убачыць, што зь іскры нічога не ўзгараецца. У грамадзтва, якое яны запалохалі і здушылі, можна кідаць нават галавешкі – нават дыму ня будзе, пачуеш хіба толькі кіпеньне.
Гэта дрэнна. Аднак, становішча можа зьмяніцца. І гэтага (гэтай невядомасьці) якраз найбольш баяцца Масква і ейны рэжым на Беларусі.
З усіх апошніх падзеяў і антыбеларускіх справаў рэжыму самай антычалавечай і самай подлай ёсьць праграма па зьнішчэньні тэрытарыяльна-культурнага жыцьцёвага асяроддзя беларускай нацыі. Стратэгія зацьверджана ўказам №150 ад 25 сакавіка (заўважце!) 2005 г. і называецца праграмай “возрождения села", якая прадугледжвае “оптимизацию” (г.зн. разбурэньне і ліквідацыю) усёй існуючай прасторы беларускіх вёсак – першаснага жыцьцёвага асяроддзя беларускага этнасу. (Пра гэта пісаў ужо на стар. “Беларускай Салідарнасьці” спадар С.Папкоў). Усё жыцьцёвае асяроддзе сельскіх беларусаў (а гэта каля 35 тысячаў вёсак) плянуюць ліквідаваць і згрупаваць у 1400 “аграгарадках”.
Гэты плян па свайму цынізму і антычалавечасьці стаіць нароўні з вар’яцкімі плянамі гітлераўца Бормана і камуніста Машэрава.
Дарэчы, пра Машэрава, зь якога некалі В.Кебіч і Масква пачалі ляпіць міф выбітнага дзеяча, каб апраўдаць сваю антыбеларускую дзейнасьць (маўляў, і “выбітная асоба” гэтак рабіла).
Пётр Машэраў (беларус па паходжаньні, сапраўднае прозьвішча Машэра, перайменаваўся дзеля кар’еры) – гэта чалавек, які з кагорты ўсіх савецкіх камуністаў і русіфікатараў быў найбольш адмоўнай фігурай па выніках беларускага нацыянальнага разбурэньня. П.Машэраў асабіста нясе адказнасьць за зьнішчэньне гістарычнага архітэктурнага цэнтра Менска (найперш раёну Нямігі і ўсяго Нізкага горада). Гэта была ягоная ініцыятыва і ягоная справа; пакінуў пасьля сябе нават лятучыя цемрашальскія фразы тыпу: “Немига — наш позор”.
Самым злавесным і самым разбуральным вынікам палітыкі гэтага функцыянера за часы знаходжаньня яго на пасадзе 1-га сакратара ЦК КПБ была ліквідацыя беларускай школы і вынішчэньне беларускай мовы. У беларускіх гарадах і гарадках беларускія школы і нават клясы былі ліквідаваны поўнасьцю. (У Менску не было ніводнай беларускай школы).
Пры Машэраве былі прынятыя законы, якія дазвалялі пазбаўляць дзяцей увогуле вывучэньня беларускай мовы, як прадмета ў школе. Зьявіліся нават “тэорыі” аб шкодным узьдзеяньні беларускай мовы на асобу і псіхіку беларускага дзіцяці, на яго галасавыя зьвязкі, аб захворваньні ад вывучэньня беларускай мовы хранічным танзілітам (ангінай) і таму падобны абскурантызм.
Калі Машэраву казалі, ці пісалі пра гэта, ён афіцыйна і дэмагагічна вяшчаў: “мы не будем препятствовать развитию русского языка”.
Гэта была менавіта ягоная палітыка, каб выслужыцца перад Масквой, куды ён усё жыцьцё марыў патрапіць. Ні ў Прыбалтыцы, ні на Каўказе, ні нават у Сярэдняй Азіі сатрапы гэтак нацыянальную школу і мову не зьнішчалі.
Машэраў быў ініцыятарам напамажанага міфа пра “веліч” беларускіх савецкіх партызанаў. Пры ім быў створаны культ савецкай партызаншчыны, а кіроўныя партызаны-энкавэдзісты займалі ключавыя пасады ў кіраўніцтве БССР і з упартасьцю самадураў вытоптвалі ўсё беларускае і ўсё жывое.
Машэраў быў ініцыятарам і энтузіястам усеагульнай меліярацыі і маштабнага асушэньня беларускага Палесься. Вынікі вядомыя – экалягічная дэградацыя прыроды.
Самай ідыятычнай ягонай кіроўнай ініцыятывай была апэрацыя “галінкі”, праведзеная ў 70-х гадах. Хтосьці Машэраву сказаў, што чакаецца засушлівае лета. І Машэраў даў загад па “рэспубліцы” – “спасать скот”, высякаць кусты і маладыя дрэвы, здрабняць гальлё, закладваць у сіласныя ямы і гэтым лісьцем з дрэвам карміць потым калгасных кароў.
Па ідыятызму ідэі Машэрава пераплюнуў, відаць, толькі Лукашэнка, які ў 1997-98 гг. на дзяржаўным узроўні фінансаваў з бюджэту стварэньне “пэрпэтум мобіле” па праекту нейкага “шызоіда”. Аднак затраты на вечны рухавік былі ў тысячы, а то і ў мільёны разоў меншыя, чым у ягонага папярэдніка па бязглуздасьці.
Сотні тысячаў людзей, студэнты, рабочыя, калгаснікі былі сарваныя з прывычнай працы і кінутыя на высяканьне кустоў і лясоў, задзейнічаныя былі аўтобусныя паркі, тэхніка, паліва, працавала прапаганда (“штабы”), газэты, радыё, тэлебачаньне, “сбрасывали трудовые десанты”, зьявіліся “передовики” і г.д. Горад Гомель, напрыклад, кожны дзень пасылаў на высяканьне гальля 50 тысячаў чалавек.
Сенажацяў не касілі, секлі кусты. А тым часам і лета было нармальнае. Натуральна, што каровы гальля не сталі есьці, хоць партыя загадала.
«Галінкі», аднак, не закраналі існаваньне нацыі. Усё ж астатняе, што рабіў Машэраў, нішчыла цяпершчыну і будучыню Беларусі.
Разам зь ліквідацыяй беларускай школы і вынішчэньнем беларускай мовы зьявіўся плян тэрытарыяльнага этнацыду. Я ўжо пра яго ня раз пісаў. Гэта была праграма «ліквідацыі неперспектыўных беларускіх вёсак», якая ўзьнікла яшчэ ў 1964 г. і з прыходам Машэрава на пасаду 1-га сакратара ЦК КПБ у 1965 годзе адразу стала ажыцьцяўляцца. З больш чым 34 тысячаў беларускіх вёсак плянавалі пакінуць 9 тысячаў, астатнія ліквідаваць, а людзей зьвезьці ў «пэрспэктыўныя паселішчы».
Шмат вёсак пасьпелі разбурыць. Аднак Савецкі Саюз ужо дыхаў на ладан, не хапала сродкаў і вынішчэньне ішло марудна, а потым і СССР разваліўся.
Праграма вынішчэньня беларускага рассяленьня ("возрождение села"), прыдуманая Лукашэнкам – гэта цемрашальскі працяг пляну Машэрава, толькі ў яшчэ больш жорсткім зьмесьце (1400 “аграгарадкоў"). Гэты плян культурнай катастрофы нацыі, пасьля якой набліжаецца нацыянальная сьмерць.
Машэраў быў тыпам этычна вырабленага функцыянера з рысамі афіцыёзнай інтэлігентнасьці і прэтэнзіяў на адметнасьць. Ён не выкарыстоўваў пасаду для накапленьня асабістага багацьця, у гаворцы з пісьменьнікамі разыгрываў з сябе “свайго хлопца", дапамагаў атрымаць кватэру таму ды гэтаму заслужанаму літаратару, любаваўся сваёй асобай і паказной партыйнай “дэмакратычнасьцю", гаварыў заўсёды па-руску, мог зьвязна выкладаць думкі ў адрозьненьне ад партызанска-партыйнага “дуб’я", якое яго акружала.
На гэтым ягоная “адметнасьць” заканчвалася. Машэраў быў тыповым капээсэсаўскім функцыянерам, які верна служыў партыйнай кар’еры і аддана праводзіў антыбеларускую палітыку КПСС, не адступаючы ад яе ні на ёту, а наадварот, разьвіваў і ўдасканальваў, абстаўляючы вынішчэньне беларускай культуры кручанымі слоўцамі і фразачкамі тыпу “построение новой коммунистической цивилизации” і г. д.
Роля П.Машэрава крайне адмоўная ў гісторыі падсавецкай Беларусі. Палітыка гэтага сатрапа ў дачыненьні да Беларусі найбольш набліжаная да палітыкі цяперашняга рэжыму Лукашэнкі. Толькі тады антыбеларускасьць прыкрывалася ідэяй пабудовы камунізму, цяпер – грубым, расьперазаным папулізмам і тэхналёгіямі масавага ашуканства.
Заўважце, што Масква (дакладней КГБ) паставілі менавіта на міф пра Машэрава, а не, скажам, пра К.Мазурава, які быў асобай значна больш моцнай, але меў месьніцкія сьхільнасьці і ня нішчыў гэтак беларусчыну як Машэраў.
Калі для Кебіча гэбоўская міфатворчасьць пра Машэрава магла быць карыснай апорай у антыбеларускай палітыцы (уводзіць рускі рубель на Беларусь першым узяўся якраз Кебіч), то для Лукашэнкі, які за годы аўтарытырызму моцна закахаўся ў самаго сябе, міф пра “добрага” Машэрава патрэбны толькі для абмежаванага ўжываньня (як Сталіну Ленін). Першым павінен быць ён – Лукашэнка. Машэраў мусіць быць другім. Такая ёсьць дыялектыка іхных ненармальных дачыненьняў. Машэраў павінен стаць ценем Лукашэнкі, а не наадварот. Таму дазіроўку міфалёгіі Лукашэнка будзе адсочваць. Мы, аднак, павінны разумець, што такая міфалёгія шкодная і зьняважлівая для беларусаў у любой дазіроўцы.
Падзеі паказваюць, што ў 2006 г. рэжым зьбіраецца ісьці той жа дарожкай, што і ў 2001. З той толькі розьніцай, што хочуць зрабіць, кажучы на іхным жаргоне, шырокую і жорсткую “зачыстку” ўсёй грамадзкай прасторы краіны. Відаць, што прамаскоўскі рэжым сам рыхтуе свае альтэрнатывы на выбары. Масква і гэбэ відаць зьбіраюцца рабіць стаўку на Казуліна. Гайдукевічы і “адзіныя” будуць выконваць дапамогавую ролю. У выпадку звычайнай абыякавасьці і баязьлівасьці электарату, альтэрнатыўны антураж дапаможа ў дасягненьні “элегантнай перамогі” Лукашэнку. Калі ж сытуацыя абвострыцца і дойдзе да масавых выступаў, тады Крэмль і Лубянка зробяць стаўку найбольш верагодна на Казуліна, які і павядзе масу супраць “дыктатара” і “ўзурпатара” ў чарговы маскоўскі завулак.
Казулін чалавек чужы і нацыянальна не адукаваны – ня ведае нават беларускай мовы (а значыць нічога не чытаў па-беларуску). У гэтай сітуацыі Масква пастараецца падрыхтаваць сваю крэатуру запасу значна лепш, чым Януковіча на Украіне. Уявіце сітуацыю: праз год, калі б узьнікла нейкае грамадзкае рушаньне ў час выбараў, выходзіць “альтэрнатыўны” спадар Казулін і раптам прамаўляе па-беларуску ( а так яно можа стацца, мову вывучыць не праблема). Уся наша бытавая белінтэлігенцыя, што піша просьбы і прашэньні «прэзідэнту» пабягуць у гэтым выпадку за Казуліным, як дурная авечка за мацёрым ваўком, а паэт Ніл Гілевіч тут жа вершык ці артыкул напіша пра “ратавальніка нацыі", як некалі пра генэрала Фралова.
Пачынаецца актыўнае змаганьне за Беларусь. На Беларусі наша задача будзіць і нацыянальна ўздымаць грамадзтва.
Зычу ўсім упэўненасьці і здароўя.
Жыве Беларусь!
15.05.2005 г
Зянон Пазьняк
Нью-Ёрк