НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ЗМАГАЙМАСЯ! (Зварот да суайчыньнікаў)

ЗМАГАЙМАСЯ! (Зварот да суайчыньнікаў)

Прысьпешваецца кадравае афармленьне расейскай акупацыі Беларусі і ствараюцца палітычныя ўмовы для здачы беларускай дзяржавы пад Расею.

Пра гэта сьведчаць чарговыя чысткі ва ўладзе ў Менску, якія адбыліся 27-га лістапада гэтага года. Цяпер ва ўрадзе Лукашэнкі не засталося ніводнага беларуса. (Звольнены нават услужлівы міністар культуры Сасноўскі.) На месцы беларусаў пастаўленыя рускія функцыянэры расейскага ФСБ.

Мне прыходзілася і раней папярэджваць, што пасьля захопу ўлады ў Беларусі рускімі спэцслужбамі зь беларускіх ворганаў кіраваньня паступова будуць выдаленыя (а пазьней — зьнішчаныя) усе беларусы, у тым ліку і Шэйман, і Мацкевіч, і Антановіч, і Пашкевіч, і Мясьніковіч і інш. Апошнім (пасьля чыстак і зрабленьня “справы”) Масква ліквідуе Лукашэнку. Дзеля гэтага сярод выдаленых (каб выглядаў пацярпелым) будуць рыхтаваць свайго Каштуніцу.

Беларусы павінны зразумець, што з 27-га лістапада на Беларусі кіруе поўнасьцю расейскі акупацыйны ўрад, які складаецца цалкам з расейцаў, расейскіх генэралаў і функцыянэраў ФСБ. Заканчваецц поўны захоп расейцамі беларускага войска, міліцыі і КДБ, давяршаецца разгром беларускага нацыянальнага школьніцтва, асьветы і адукацыі.

Кадравая чыстка, якую праводзяць расейскія акупанты, выкарыстоўваючы Лукашэнку і выганяючы з кіраваньня беларусаў, мае адкрыты этнічны характар і стала магчымай у выніку нацыянальнай неразьвітасьці беларускіх кіруючых структураў. Менавіта дзякуючы нацыянальнай адсталасьці і прадажнасьці беларускіх кіраўнікоў і савецкай каляніяльнай адміністрацыі, якая захавалася тут у нязьменным выглядзе, Масква праводзіць унікальную і пасьпяховую барацьбу супраць Беларусі, акупуючы краіну знутры без адзінага стрэлу.

Трэба ўлічыць, што афіцыйныя ды “незалежныя” СМІ, лібэральныя балбатуны з так званай “аб’яднанай апазыцыі” спэцыяльна пішуць і гавораць рознае глупства пра кадравыя зьмены ва ўладзе, каб заблытаць, засаніць беларусаў, схаваць сутнасьць акупацыйнай антыбеларускай палітыкі. Не забывайма, што супраць беларусаў расейцамі вядзецца татальная інфармацыйная вайна, вынікі якой надзвычай разбуральныя.

На сёньняшні дзень Беларусь ужо ў мяшку. Засталося толькі завязаць. Тое, што беларусы ў гэтым мяшку спакойна сядзяць, тлумачыцца тым, што яны ня ведаюць, што іх чакае. Але калі мяшок завяжуць, то разумець будэе ўжо позна.

Ніякіх рэальных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў такіх умовах ня будзе. Можа адбыцца толькі фальшывая выбарчая прафанацыя дзеля абгрунтаваньня і .замацаваньня акупацыйнай палітыкі рукамі і нагамі беларусаў. Улада ў Беларусі Масквой ужо захоплена. Засталося яе толькі легітымізаваць. Калі ж гэта не атрымаецца, то Расея паспрабуе арганізаваць пераварот і потым — хуткі захоп нацыянальнай маёмасьці і ліквідацыю Беларускай дзяржавы.

Што цяпер рабіць?

Першае, што неабходна зразумець беларусам, гэта тое, што за свабоду трэба змагацца. Змагацца ўсімі сродкамі. Неабходна насупраць акупацыйнай улады стварыць законны беларускі Ўрад Нацыянальнага Даверу. Яшчэ ёсьць рэальная магчымасьць.

3 ініцыятывай стварэньня законнага Беларускага Ўраду выступіў законны старшыня Вярхоўнага Савета і Выканаўца функцыяў Прэзідэнта Беларусі Сымон Шарэцкі. Беларускі Вызвольны Рух даўно засьведчыў падтрымку гэтай задачы. Грамадзтва павінна прымусіць дэпутатаў Вярхоўнага Савета выканаць свае абавязкі па зацьвярджэньні законнага Ўраду.

Беларускія эліты мусяць зразумець, што не прэзідэнцкія выбары (па правілах акупацыйнага рэжыму), а стварэньне законнага Беларускага Ўраду ёсьць першым крокам, каб запабегчы зьнішчэньню дзяржавы і незалежнасьці.

Трэба збавіцца ад разбуральнага ўплыву расейска-нямецкай дыпляматыі і глядзець у будучыню Беларускай нацыі.

29 лістапада 2000 г.

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

Дадаць у: