НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

З.Пазьняк. Двох у адной лодцы

З.Пазьняк. Двох у адной лодцы

За апошнія месяцы ў палітычным жыцьці на ўсходзе Эўропы пачалася актывізацыя пэўных працэсаў, якія вымагаюць камэнтару.

Восеньню мінулага году адбылося некалькі падзеяў, якія пахіснулі становішча Пуціна на вяршыні расейскай улады. Першая падзея – гэта правал крывавай гэбоўскай правакацыі ў Беслане. Бадай што ўпершыню на Захадзе тыя, што здольныя бачыць, убачылі, наколькі ж крывавы і жудасны ёсьць існуючы ў Расеі рэжым. Здаецца, ужо тады ў асяроддзі ценявой улады Расеі мільганулі думкі пра замену Пуціна. Магчыма, Пуцін гэта адчуў і спадзяваўся адыграцца на Ўкраіне. Але тут адбыўся поўны палітычны разгром расейскай палітыкі. І Пуцін зразумеў (гэта відаць), што трэба ратавацца.

Тут я зраблю, аднак, дэгрэсію, каб нагадаць, што такое Пуцін.

Гэта нікому не вядомая раней асоба ўзьнікла як бы зь “ніадкуль” і за вельмі кароткі час стала прэзыдэнтам імпэрскай дзяржавы. У палітыцы такія “казачкі” з палітычнага небыцьця зьяўляюцца толькі тады, калі іх рухае вельмі моцная ўладная калектыўная сіла дзеля выкарыстаньня (ці ўмацаваньня) сваіх пазыцыяў ва ўладзе. Самы па сабе ( гэта значыць – натуральна) такія зьявы ў палітыцы практычна не існуюць.

Ельцын, якога ў 1991 годзе (ў час гэбоўскага путчу), і асабліва ў 1993 годзе (у час так званага “хасбулатаўскага рэваншызму”), падтрымалі палкоўнікі КГБ, трапіў пад поўны кантроль службаў бясьпекі. На працягу наступных шасьці гадоў ельцыншчыны савецкі КГБ структураваўся, падабраў пад сябе ключавыя пазыцыі жыцьцёва важных сфэраў Расеі (асабліва ва ўладзе) і ў 1999 годзе прапанаваў свайго неведамага грамадзтву стаўленьніка (Пуціна) на прэм’ер-міністра ураду. Задача яго была – зноў пачаць вайну ў Чачэніі. Усё гэта ён зрабіў, і ў самым канцы 1999 года КГБ змусіў Ельцына адмовіцца ад пасады прэзыдэнта. Дарога для абсалютнай улады гэбізму ў Расеі была адчынена. Праз некалькі месяцаў Пуціна робяць прэзыдэнтам. Цяпер уся яўная і тайная дзяржаўная машына Расеі рабіла і працавала на ягоны імідж. (Пакідаю без разгляду, хто стаіць у цяні, за плячыма Пуціна. Я пра гэта ўжо пісаў.)

І вось “стаўка” на Пуціна пачала даваць збоі.

З гэтага часу Пуцін і найбліжэйшая група, што склалася вакол яго, пачалі ратавацца. Яны адчулі, што могуць пайсьці з улады гэтак жа, як і прыйшлі, саступіўшы дарогу сьвежым людзям з КГБ. Трэба ведаць Расею, каб гэта разумець.

Задача ўтрымацца для Пуціна і яго групоўкі – гэта задача ўтрымаць Беларусь у сфэры свайго ўплыву. Рэвалюцыя ў Беларусі ў бліжэйшым часе абазначала б крах пуціншчыны ў Расеі і перамены ў крамлёўскай уладзе.

Ужо 25 студзеня гэтага года старшыня Дзяржаўнай Думы Расеі прафэсійны гэбіст генэрал-маёр Барыс Грызлоў падчас ягонай сустрэчы з дэлегацыяй лукашэнкаўскай “палаткі”, якая прыехала ў Маскву на чале са старшынёй “палаты” У. Канаплёвым (калегам Грызлова па “фаху”) заявіў, што “Расея і Беларусь прымуць канстытуцыйны акт і падпішуць саюзную дамову ўжо сёлета”.

Тут жа ў студзені група “дэпутатаў” так званага “парляманцкага сходу” Беларусі і Расеі зьвярнулася да Пуціна і Лукашэнкі з просьбай правесьці іхную асабістую сустрэчу як мага раней, каб ведаць арыентыры, як далей распрацоўваць справу з “канстытуцыйным актам”. Крэмль яшчэ больш умацаваўся ў гатовасьці трымацца за Лукашэнку.

На сітуацыю пачаў рэагаваць Эўрапарлямант. 10 сакавіка ён ухваліў рэзалюцыю па Беларусі, дзе ўпершыню назваў лукашэнкаўскі рэжым дыктатурай.

18 сакавіка, выступаючы перад удзельнікамі нарады міністраў замежных справаў краінаў так званага СНД, Лукашэнка крытыкуе азначэньне Эўрапарляманту аб дыктатуры і заяўляе, што Беларусь ніколі не адчувала такой, як зараз, падтрымкі з боку Расеі за ўсю гісторыю адносінаў. “Мы ніколі не адыйдзем ад той палітыкі, якой прытрымліваемся ўжо 10 гадоў”, – сказаў ён. Тут жа кіраўнік МЗС Расеі С. Лаўроў паведаміў, што Пуцін разьлічвае на хуткую сустрэчу з Лукашэнкам.

Праз два тыдні (у пачатку красавіка) яны ўжо спаткаліся ў Сочы. Пуцін быў ласкавы і патульны. Відаць, нечакана для сябе, абодва стаўленьнікі апынуліся як бы ў адной лодцы. Кожны хоча ўратавацца за кошт другога і прапаноўвае веславаць разам.

13 красавіка ў “Москаў-Таймс” зьявіўся артыкул нейкага Паўла Фельгенгаўэра, які зь відам адкрывальніка сакрэтаў (Палішынэля) знайшоў сякеру пад лавай і напісаў, што Пуцін і Лукашэнка дамовіліся ў Сочы аб аб’яднаньні Расеі і Беларусі ў адну дзяржаву і хочуць праз год правесьці рэфэрэндум.

Усё гэта вядома даўно і без падстаўных рупараў “Москаў-Таймс”. Яшчэ з часоў Ельцына точыцца гэтая генэральная стратэгія расейскага гэбэ адносна Беларусі. Стаўленьнікі згодны аб’яднаць хоць Беларусь з Расеяй, хоць Зямлю з Марсам. Усё пытаньне толькі ў тым, хто будзе галоўным, хто стане кіраваць гэтым “Зямлямарсам”. Як толькі яны дамовяцца – авантура з аб’яднаньнем гарантаваная. Аднак, няма яшчэ гарантыі, што яна ўдасца. Бо як бы яны ні перакуліліся разам.

Тым ня менш імпэрскі авантурызм зноў набірае абароты. Стаўка робіцца на зьнішчэньне беларускіх грошай і ўвядзеньне расейскіх і на навязваньне так званага “канстытуцыйнага акту”. Агентура (асабліва ў журналістыцы) зноў пускае дымавыя заслоны, маўляў, не зважайце, усё гэта несур’ёзна, нічога ня будзе, гэта толькі гаворкі, “піярныя формулы” і г. д.

22 красавіка Лукашэнка і Пуцін зноў спатыкаліся ў Маскве, падпісалі дакумант аб забесьпячэньні “роўных” правоў грамадзянаў абедзьвюх краінаў (з прыцэлам на рэфэрэндумную авантуру), пасьля чаго Лукашэнка ў чарговы раз паведаміў, што пераход на расейскія грошы будзе разглядацца ў кантэксьце прыняцьця так званага “канстытуцыйнага акту”. Гэтую хвалю зноў будуць уздымаць. Пуцін і Лукашэнка зацьвердзілі новы склад камісіі па падрыхтоўцы так званага “канстытуцыйнага акту” і прызначылі новых кіраўнікоў – Б. Грызлова і У. Канаплёва.

Тым часам на сітуацыю двух у адной лодцы (ня лічачы сабакі) пачала рэагаваць Амэрыка.

Спосабам для дэманстрацыі пазыцыі перад Масквой напярэдадні сустрэчы прэзыдэнта Буша з Пуціным і перад самітам “Расея-Эўразьвяз” было абранае спатканьне ў Вільні Кандалізы Райс з так званай беларускай “апазыцыяй”.

У Вільню прывезьлі сем другарадных асобаў, якія ў падстаўной “апазыцыі” не іграюць ніякай ролі (не кажу ўжо пра тое, што ў жыцьці ніхто зь іх не размаўляе па-беларуску). Прысутнічаў, дарэчы, у якасьці “апазыцыянера” вядомы прафэсіянал зь вядомай канторы Анатоль Міхайлаў (апошнім часам быў рэктарам ЭГУ). Тым ня менш “сустрэча” дазволіла сказаць Кандалізе Райс усе неабходныя фразы аб асуджэньні дыктатуры ў Беларусі і аб неабходнасьці яе ліквідацыі.

У гэты ж дзень, 21 красавіка, ў Вільні дэлегацыі Расеі і НАТО падпісалі пагадненьне аб вайсковым супрацоўніцтве, пасьля чаго міністар замежных справаў Расеі С. Лаўроў заявіў журналістам, што Масква адкідае заклікі ЗША і Эўразьвязу аб дэмакратызацыі і палітычных зьменах у Беларусі.

Падзеі і палітычныя руханьні, пра якія я тут распавядаў, паказваюць, што Захад пасьля здарэньняў у Беслане і на Украіне перастае рабіць выгляд, што Расея ідзе па шляху дэмакратыі і адмаўляецца нават у дачыненьні да Расеі ад дэмакратычнай тэрміналёгіі.

Мне падаецца, што Амэрыка зразумела залежнасьць і безвыходнасьць Пуціна ў дачыненьні да Лукашэнкі. Пуцін падтрымае рэжым Лукашэнкі пры любым раскладзе, тым больш на выбарах, бо ад гэтага залежыць ягоная пуцінская пэрспэктыва і прысутнасьць ва ўладзе. Амэрыка імкнецца націснуць на Пуціна, каб той узяў іншы мадэль дачыненьняў з рэжымам Лукашэнкі. Але справа марная.

Тым часам калі Масква здолее, напрыклад, захаваць рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, то пэрспэктыва для Пуціна складзецца таксама не карысная. Бо палітычная ініцыятыва тады пяройдзе да Лукашэнкі.

Улада, якая існуе ў Маскве, яе псіхалёгія і дэфэктыўны вопыт ня здатныя ні на якія варыянтнасьці ці вольныя рашэньні, акрамя аднаго спосабу палітычных паводзінаў: не пушчаць, не даваць, душыць і “мачыць”, як кажуць гэтыя знаўцы крымінальнай лексікі ва ўладзе.

Мы, беларусы, павінны пра гэта заўсёды памятаць і быць гатовымі да адпаведных (і адэкватных) дзеяньняў.

25 красавіка 2005 г., Нью-Ёрк

Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: