НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Зянон Пазьняк: Слава слуцкім ваярам!

Зянон Пазьняк:  Слава слуцкім ваярам!

Сёньня мы адзначаем 95-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну – збройнага змаганьня нашых продкаў з маскоўска-бальшавіцкай навалай. Кожныя ўгодкі гэтай барацьбы прыносяць нам новыя думкі і шырэйшае асэнсаваньне той падзеі, асабліва ў сувязі яе з сучаснасьцю. Бо зьвер ня здох, не сядзіць у сваім маскоўскім логаве, але тэрарызуе народы, падпальвае новую сусьветную вайну.

Раней некаторыя нядобразычліўцы і павярхоўна думаючыя людзі часам пісалі, што быццам бы случакам дапамагалі палякі, ці, што быццам бы гэтая барацьба мела нейкі сацыяльны характар. Усё гэта прыдумкі не сваіх людзей, якія ўжо цяпер паўтараюцца толькі ў асяроддзі нішчыцеляў Беларусі.

У чым жа асаблівая гістарычная каштоўнасьць Слуцкага збройнага чыну і чаму мы так памятаем гэтую падзею і штогод адзначаем?

У лістападзе 1920 года слуцкія народныя паўстанцы выступілі супраць маскоўскіх бальшавікоў ня толькі ў абарону сваёй тутэйшай зямлі, маёмасьці і волі, але ў абарону ўсёй Беларускай Народнай Рэспублікі “у яе этнаграфічных межах”. Так было адлюстравана ў лёзунгах случакоў. Яны змагаліся за сваю будучую дзяржаву БНР без маскалёў, бальшавікоў і польскіх паноў, ваявалі ў яе абарону і гэта шматкроць пацьверджана фактамі. Хоць з другога бок яны віталі “сястру Польшчу” і яе змаганьне з Масквой.

Менавіта тут, у слуцкім змаганьні нарадзіўся наш нацыянальны гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Яго напісаў удзельнік паўстаньня Макар Касьцевіч (псэўданім Макар Краўцоў). Прыйдзе сьветлы час і наш нацыянальны гімн загучыць на вуліцах і плошчах беларускай сталіцы.

Беларускі адраджэнскі рух існаваў на Случчыне здаўна. Яшчэ ў верасьні 1917 года ў Слуцку была адчынена і працавала Беларуская гімназія, быў моцны беларускі эсэраўскі рух. А ў 1918 годзе, за часы БНР, там арганізаваўся Беларускі Нацыянальны Камітэт Случчыны, які ствараў па вёсках і мястэчках мясцовыя рады (кшталту мясцовага самакіраваньня).

У канцы 1918-га на Случчыну прышлі чарговыя акупанты – маскоўскія бальшавікі. Тады ў 1919-м случакі паднялі антымаскоўскае паўстаньне. Бальшавікі здушылі яго. А ў красавіку-травені 1919-га маскалёў прагналі польскія войскі Пілсудскага.

У 1920-м палякі заключылі з маскоўцамі мір і пачалі дзяліць Беларусь. І вось тут якраз падняўся на барацьбу за Бацькаўшчыну народ Случчыны. Случчыну намервалася забраць Масква, сюды рухалася вялікая бальшавіцкая арда, цэлая 16-я армія. І тады 14-15 лістапада 1920 года сабраўся беларускі зьезд прадстаўнікоў Слуцка і Случчыны. Найбольшую ролю тут адыгрывалі беларускія эсэры. Было вырашана стварыць войска і ўступіць у барацьбу з маскоўскімі бальшавікамі.

За некалькі дзён сабралася 10 тысяч дабраахвотнікаў. Бацькі пасылалі сваіх дзяцей змагацца за Беларусь. Уздым быў надзвычайны. Калі б у случакоў была зброя, то можна было сабраць войска і ў 50 тысячаў. Але паколькі зброі і амуніцыі не ставала, то прышлося дабраахвотнікаў распусьціць. Сфармавалі толькі два палкі: 1-шы Слуцкі і 2-гі Грозаўскі, дзе жаўнеры мелі адну вінтоўку на дваіх, а то і на траіх.

Тым ня менш на пачатку дзеяньні палкоў былі пасьпяховымі, бальшавікоў выбілі з шмат якіх вёсак і мястэчак. Асноўныя баі ішлі вакол Вызны, Семежава, Грозава, Цімкавічаў. Тады маскоўцы кінулі сюды падмацаваньньне, новыя дывізіі кітайцаў і манголаў. Бо рускія не надта хацелі ваяваць за бальшавікоў, дызэртыравалі, некаторыя пераходзілі на бок случакоў, здаваліся ў палон. Характэрна, што беларускія жаўнеры ня зьверствавалі над палоннымі. Аднойчы случакі захапілі ў палон 300 маскоўскіх салдат. Ад іх адабралі зброю і адпусьцілі дахаты.

Асноўнай прычынай таго, што слуцкае паўстаньне не перамагло арду, гісторыкі лічаць ня столькі агромністую колькасную перавагу бальшавіцкага войска, колькі адсутнасьць належнай зброі і амуніцыі ў случакоў. Да сярэдзіны сьнежня слуцкае войска ўжо, фактычна, ня мела чым страляць, скончыліся патроны. Яно й ня дзіва, ніякай дапамогі (матэрыяльнай, фінансавай, збройнай) ні адкуль і ні ад каго не было. Насельніцтва падтрымлівала сваё войска харчамі і адзеньнем. Але гэтага было мала ў змаганьні з цэлымі рэгулярнымі арміямі захопнікаў.

У канцы сьнежня паўстанцы перайшлі праз раку Лань у зону, акупаваную палякамі, там раззброіліся і былі інтэрнаваны ў розныя месцы. Тым часам атрад у 400 паўстанцаў застаўся на Случчыне дзеля партызанскай барацьбы.

Такім чынам, другая асаблівая гістарычная каштоўнасьць памяці пра слуцкае змаганьня ў надзвычай яркім прыкладзе народнага рушэньня, уздыму, салідарнасьці і ахвярнасьці ў справе абароны Бацькаўшчыны і змаганьня за сваю свабоду супраць захопнікаў і акупантаў.

Гэты прыклад асабліва каштоўны для беларусаў цяпер, калі новая маскоўская арда напала на Украіну, палезла ў Сірыю, праводзіць тэракты па ўсім сьвеце і рыхтуецца захапіць Беларусь.

Будзьма ж вартыя нашых змагарных продкаў. Рыхтуймася абараняць Беларусь ад варвараў, каб не апынуліся мы бяз зброі, як некалі слуцкія паўстанцы. Вучэмся на памылках людзей і прадоўжым іх гонар і дасягненьні. Будзьма гатовыя абараняць Беларусь, як некалі былі гатовыя случакі. Мы маем прыклады і апору ў нашай гісторыі. Ня будуць варвары пляваць нам у твар. Ня пройдзе Арда на нашай зямлі.

 

Жые Беларусь!

Слава слуцкім ваярам!

Слава Айчыне!

 

29 лістапада 2015 г.                                                                                       Зянон Пазьняк

Дадаць у: