У другой палове 1980-х Савецкі Саюз ужо хістаўся. Грамадзтва жыло ў інфармацыйным напружаньні. Камуністы далі палёгку для свабоды слова. Гэта быў час, калі газэты чыталі начамі напралёт. 3-га чэрвеня 1988 года ў Беларусі адбыўся інфармацыйны выбух, які па маштабу можна было параўнаць з землятрусам. У газэце "Літаратура і мастацтва" зьявіўся артыкул "Курапаты -- дарога сьмерці". Газэта зь невялікім на той час накладам імгненна распаўсюдзілася па руках па ўсёй Беларусі.
Летам таго 1988-га года (акрамя раскопак у Курапатах) я праводзіў археалагічныя раскопкі замчышча ў Лоску. Старшыня лоскага калгасу (наш прыхільнік Ягоўдзік) са змоўніцкім выглядам запрасіў мяне ў кантору і дастаў з сэйфа нешта падобнае на газэту. Гэта была "Літаратура і мастацтва", патрапаная зацертая і зачытаная да дзірак. Дык Ягоўдзік папрасіў мяне распавесьці пра тое, чаго ня можна было ўжо прачытаць. І так па ўсёй Беларусі.
Я ведаў пра Курапаты з 1974 года. Потым, калі "Саюз" даў слабіну, я вельмі абачліва рыхтаваўся раскрыць гэтую маскоўскую таямніцу і, вядома ж, разумеў, што будзе, калі ўдасца. Але калі тое адбылося, было відаць, што адкрыцьцё Курапатаў стала штуршком да ўпадку расейскага камунізму ў Беларусі, да стварэньня Беларускага Народнага Фронту і да новага Беларускага Адраджэньня.
Для мяне галоўнае было тое, што я ўбачыў жывы дух эмпатыі, салідарнасьці і справядлівасьці ў нашым Беларускім народзе, што мільённыя ахвяры расейскага генацыду і цемра расейскага камунізму не зламала Беларускі народ. Гэта быў час уздыму, калі радасна было жыць і змагацца за вольную будучыню нас усіх. І крыльлі былі за плячыма.
Адначасна агрэсія, брэх і лямант маскалёў-чэкістаў і маскалёў-камуністаў супраць маёй асобы былі на мяжы ненавіснага экстазу. Нянавісьць, ілжа, нецярпімасьць, жаданьне расправіцца працягваліся ўсе гэтыя 37 гадоў, не спыняюцца сёньня і ня спыняцца ніколі. Нават тады, калі мяне ня будзе. Трэба ведаць Маскву. (Хіба што Масква зьнікне)
Прырода нянавісьці цёмнай душы маскавітаў зразумела даўно. Але ва ўсім гэтым курапацкім змаганьні ёсьць адна першапрычына, якую яны прайгралі беспаваротна. Курапаты засьведчылі крымінальныя ўлікі генацыду, які яны хавалі за ідэалёгіяй і палітыкай "рзьвянчаньня" культу асобы Сталіна. Іхняе "развянчаньне" да справы не прышыеш. Гэта было тыповае маскоўскае ашуканства з боку мярзотных забойцаў і злачынцаў супраць чалавецтва, каб пазьбегнуць расплаты за людабойства. Дык вось, -- у Курапатах мы выявілі трупы забітых, штабялі ахвяраў з кулямі ад савецкіх наганаў у чарапах. Іх чвэрць мільёна -- звычыйных беларусаў, сялян ў савецкіх галёшах і стоптаных хадаках, якіх расстралялі камуністычныя маскалі.
За "развянчаньне" судзіць немагчыма, бо ў юрыдычным сэнсе інфармацыя пра расстрэлы тут -- проста словы, абстракцыя. І вось выявілі трупы, рэчавыя ўлікі злачынстваў. Знойдзены ахвяры. Яны глядзяць на забойцаў пустымі вачніцамі, сьведчаць пра генацыд і клічуць да пакараньня. Вось у гэтым і ўся сутнасьць. Бо цяпер карны "Нюрнберг" вісіць над Масквой. І паколькі расейскае грамадзтва не пакаялася, не прызнала віны, не расплацілася за душы забітых, нават не папрасіла прабачэньня (нават крычаць, што "могут повторить"), то "Нюрнберг" адказнаьці і пакараньня ляжыць на ўсіх пакаленьнях маскоўцаў, якія жывуць і будуць яшчэ існаваць. Прыйдзе час -- і расплата настане.
Я пісаў шмат пра Курапаты і пра той час у артыкулах і кнігах. Пра гэты час -- пісалася ў вершах, сутнасьць якога ў простых радках: "Забівалі па сьпіску.
Калі памрэ памяць,
Усё паўторыцца."
Ніжэй вершы напісаныя нядаўна.
------------------------------------------------