Паважаныя землякі-беларусы, паважаныя фронтаўцы!
Сёлета споўнілася 27-я гадавіна Чарнобыльскай катастрофы. Тады, у 80-х і 90-х гадах, нам, фронтаўцам, удалося зрабіць шмат, зьняць завесу злачыннай сакрэтнасьці і ўзьняць чарнобыльскае пытаньне на дзяржаўны і нацыянальны ўзровень, удалося вывесьці грамадзтва на шлях выратаваньня ад радыяцыі.
Цяпер, калі на нашу зямлю апусьцілася цемра, гэты шлях затаптаны, грамадзтва адкінута на ўзровень 1988 года, і людзі (чаго раней не было) пагаджаюцца са сьмерцю, якую ім ужо падрыхтавалі ворагі Беларусі.
Прычына – акупацыйная палітыка ўладнага рэжыму. Нешматлікасьць беларускай адраджэнскай эліты і нікчэмнасьць здэнацыяналізаванай інтэлігенцыі далі магчымасьць разьвівацца антыбеларускай палітыцы, спраектаванай у Маскве. Працяг Чарнобыля нам рыхтуюць у Астраўцы. Цяпер асноўная беларуская сіла барацьбы з Чарнобылем павінна быць накіравана на Астравец. Тыя, хто будуюць там атамную станцыю, тыя яе і ўзарвуць. Астраўца нацыя ўжо не перажыве. Будзе зьнішчана нават Вільня. Толькі круглыя дурні і самагубцы, якія не разумеюць што такое Расея і атамная электрастанцыя, могуць супакойвацца тады, калі ўсёй нацыі рыхтуюць атамную катастрофу.
Мы ўсё разумеем. Заўважце, што за апошнія восем гадоў акупацыйныя антыбеларускія ўлады не далі нашай Партыі ніводнага дазволу (акрамя “Дзядоў”) на адзначэньне знакавых падзей беларускай гісторыі. Гэта сымптаматычна. І мы ведаем чаму яны так робяць. Таму мацуйма нашы сілы і дзейнічаем паралельна.
Усім нам зразумела, што каб збавіцца ад Чарнобылю, ёсьць толькі адзін шлях – ліквідацыя антыбеларускага рэжыму. Гэтаму пасьвечана наша дзейнасьць і наша змаганьне.
Слава Беларусі!
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адрадэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
26 красавіка 2013 г.