НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Інтэрв’ю

Зянон Пазняк лічыць беларусаў самаіранічнымі аптымістамі

Зянон Пазняк лічыць беларусаў самаіранічнымі аптымістамі

Чарнаскурыя дзяўчаты ў амерыканскім метро, беларускія краявіды, паэтычныя разважанні пра Бога і адзіноту. Усё гэта апынулася на старонках “Тэрра Дэй” (“Зямля Бога”) – новай кнігі Зянона Пазняка, прэзентацыя якой адбылася ўчора ў Варшаве. У кнізе аўтар піша пра сэнс жыцця, згадвае сяброў, розныя сітуацыі, паказвае свет праз аб’ектыў свайго фотаапарата.

Фатаздымкі, вершы і апавяданні ў “Тэрра Дэй” зліваюцца ў неверагодна прыгожы, тужлівы і крыху настальгічны ўспамін чалавека, які любіць сваю краіну. Зянон Пазняк піша пра “код прысутнасці”, пра веру, надзею і народную філасофію, інтым, сям’ю і царкву. Вядома, што толькі аўтар найбольш поўна можа растлумачыць для каго, навошта і пра што гэтая кніга. Адказы на гэтыя пытанні шукайце ў відэаматэрыяле.

Акрамя гэтага наш журналіст змог паразмаўляць з культаваю для Беларусі асобаю і задаў Зянону Пазняку некалькі нязручных пытанняў. (Інтэрв’ю ніжэй.)

Юрась Высоцкі: Беларусы ўжо каторы год уваходзяць у дзясятку самых дэпрэсіўных народаў свету. Больш панурыя за нас аказаліся, напрыклад, жыхары Іраку, Сінгапуру, Грузіі. Ці можна назваць беларусаў вялікаю дэпрэсіўнаю нацыяй?

Зянон Пазняк: Беларусы – аптымістычная нацыя. У вельмі цяжкіх умовах людзі не губляюць прысутнасці духу і, галоўнае, захоўваюць пачуццё гумару. Іншыя ў такіх сітуацыях кідаліся б у бойку, плакалі б, а беларус з сябе пажартуе. Гэта вялікая жыццёвая сіла дапамагла нам перажыць усе акупацыі. Народ застаўся – нягледзячы на адсутнасць ураду, набілітэту, незалежнай дзяржавы і знішчальную чужынскую палітыку. Народ выжыў і ствараў мастацтва, пісаў вершы. Мы проста дзівосная нацыя.

Ю. В.: Мы ўвесь час іранізуем на тэму сваіх бедаў, жартуем пра цвік, на якім самі ж і сядзім...

З. П.: Гэта ўсё людзі, якія атрымалі чужое выхаванне, чужую адукацыю, выгадаваныя на чужой літаратуры, пераймалі чужое мысленне – вось і займаюцца цяпер такою цягамоцінаю. Гэтыя людзі нічога не вырашаюць у жыцці народу. Яны там скуголяць, але гэта чужое скуголенне. Яно не ўласцівае нашай беларускай ментальнасці.


Ю. В.: На вашую думку, колькі ў Беларусі такіх чужынцаў, якія не бачаць святла ў канцы тунелю і кажуць: Каліноўскі не змог, і ты не зможаш?

З. П.: Гэта так званыя агенты ўплыву. Гэта не абавязкова спецыяльныя агенты кшталту бесаў і троляў у інтэрнэце, якія кажуць, што ўсё скончана, што вы дурныя, мы дурныя. Ёсць тыя, хто трапляе пад іхны ўплыў, і калі чалавек не склаўся сам як асоба, тады пачынаецца пешчанне сваіх комплексаў, абвінавачванне ўсяго свету ў сваіх праблемах. У сваім нядаўнім артыкуле Пятро Садоўскі звяртае ўвагу вось на такіх эгацэнтрыстаў, якія аплёўваюць усё святое: нашую літаратуру, Купалу, кроў людскую. Гэта ўсё паводле Фройда. Але такіх людзей не шмат. Разумееце, нацыя перажывае цяжкія разбуральныя часы – можа, нават цяжэйшыя, чым савецкія.

Ю. В.: А можа, гэта звязана з тым, што мы губляем веру ў сябе, Бога, у будучыню? Нездарма нашая краіна ўваходзіць у лік найбольш атэістычных краінаў Еўропы...

З. П.: Ёсць такія, якія ныюць увесь час. Пішуць і ныюць, ныюць і пішуць. Дастаткова двух такіх чалавек на радыё “Свабода”, каб распаўсюджваць такія ідэі, але яны не рэпрэзентатыўныя, яны не прадстаўляюць не тое што адной нацыі, але нават і нейкай адной групы. Гэта маргінальная інтэлігенцкая з’ява. У развітай нацыі, якая не перажывае акупацыйнага перыяду, такіх людзей проста не было б. А калі б і былі, то яны б былі вымушаныя ці паехаць прэч, ці іх проста забілі б. Кашчунства – вельмі небяспечнае злачынства. Зневажаючы святое, людзі не кантралююць сябе. Чаму яны гэта робяць? Бо адчуваюць, што не будуць за гэта пакараныя. Маўляў, сёння можна. У 1990-я ім бы проста набілі фізіяномію.

Ю. В.: Асабіста для вас што такое рэлігія і Бог?

З. П.: Бог быў, ёсць і будзе. Ён вызначае сутнасць нашага існавання. Гэта найвышэйшая справядлівасць. Незалежна ад таго, што здарыцца з намі, з вамі, ёсць тая справядлівасць, якая ацэніць нашыя ўчынкі. Калі б не было найвышэйшай справядлівасці, то і не было б свабоды.

Ю. В.: Вы верыце ў справядлівасць?

З. П.: Бог справядлівы.

Ю. В.: Ці справядліва Бог трактуе беларусаў?

З. П.: Канечне, справядліва. Чалавечая і Божая справядлівасць – гэта розныя рэчы. Калі Ісус быў на крыжы, то ён сказаў бандыту Вараву, што “заўтра будзеш са мною ў раі”. Не нам ацэньваць Божую справядлівасць. Трэба разумець, што Бог вечны, добры і справядлівы. Калі вас аплявалі, абылгалі, усю вашую праўду знішчылі, то ўсё... Чалавек без веры можа скончыць жыццё самагубствам. Вера давала людзям магчымасць выжываць у цяжэйшых умовах: ГУЛАГу, Асвенціме.

Ю. В.: Ці можа быць атэіст добрым чалавекам?

З. П.: Гледзячы як трактаваць дабро. Чалавек, які выхаваны на хрысціянскай культуры, можа не верыць у Бога, але захаваць сваю дабрыню. Але калі такому чалавеку выпадзе нейкае жыццёвае выпрабаванне, то адной культуры будзе не дастаткова. Яны могуць зламацца. Іхныя ідэалы распадуцца, бо веры няма, а значыць, няма моцнага фундаменту. А калі чалавек верыць, ён перамагае смерць. А перамагчы яе не зможа ні любоў, ні нянавісць – толькі вера. Веруючы чалавек, калі ідзе на смерць, думае, што ён будзе жыць вечна.

Ю. В.: Свабода заўсёды патрабуе крывавых ахвяраў. Ці патрэбныя ахвяры Беларусі?

З. П.: Ахвяруюцца толькі дзеля ідэі: Бацькаўшчыны, Бога, сваіх дзяцей.

Ю. В.: У нашага народу ёсць ідэя? Бо цяпер беларусы замест змагання за абстрактныя ідэі выбіраюць культ спажывецкага грамадства.

З. П.: Ідэя ёсць, і яна ажыццявілася. Мы стварылі дзяржаву. Праўда, улада пакуль яшчэ ў руках акупантаў. Народзіцца новае пакаленне. Адбудзецца пераасэнсаванне сваёй ролі... Дарэчы, адкуль вы ўзялі гэтую статыстыку пра прыналежнасць Беларусі да самых атэістычных краінаў у Еўропе? Гэта няпраўда. Французы нашмат больш атэістычныя.

Ю. В.: І гэтыя атэісты жывуць значна лепш, чым мы.

З. П.: Адкуль гэтыя багацьці? З былых калоній. Паўтысячы гадоў рабавалі паўсьвета. Арыстакратычная Францыя патанала ў блудзе й раскошы (найперш двор і Бурбоны), а ў 1789 годзе прагарэла, аб’явіла дэфолт і пачалося тое кровапраліцьце, якое бальшавікі называлі «вялікай французкай рэвалюцыяй». Вы бачылі, як еўрапейцы працуюць? Беларусы працуюць значна лепш і больш. Але і рабуюць іх агулам таксама больш (амаль цалкам). І больш працавітыя, чым амерыканцы. Але там эксплуатацыя. Там менш за дванаццаць гадзінаў ніхто (акрамя дзяржаўных служачых) не працуе. Багацце Эўропы... Яны рабавалі сьвет. Нейкая маленькая Галандыя эксплуатавала палову Афрыкі. А цяпер афрыканцы едуць да іх у Эўропу. Гэта своеасаблівая помста гісторыі.  Былыя каланізатары думалі зрабіць сабе хатні каланіялізм, думалі, што перасяленцы з былых калоній ім будуць вуліцы падмятаць, інтэгруюцца, растворацца і пачнуць на іхнай мове гаварыць. А яны не інтэгруюцца і не прымаюць эўрапейскай цывілізацыі. Узровень жыцьця вызначаецца ня толькі матэрыяльным дабрабытам. Таму ў цэлым я б не сказаў, што яны жывуць добра. Рэальна, што там ёсьць – гэта адносная свабода асобы. І калі ў чалавека ёсьць грошы, ён можа добра той свабодай пакарыстацца. Вось тое, што вы гаворыце, – гэта ілюзіі, навеяныя савецкаю паліталогіяй.

Ю. В.: Дзякуй вялікі за размову.

З. П.: Няма за што.


Гутарыў Юрась Высоцкі, belsat.eu

 

Дадаць у: