НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Зянон Пазьняк: Лошыцкі яр, 2015 год

Зянон Пазьняк: Лошыцкі яр, 2015 год

Паважаныя землякі!

Спадарыні і спадары!

Сёньня мы працягваем адзначаць нашыя Дзяды. Нашыя Дзяды, якія зьвязаныя з мартыралогам беларускага народа. Мы ня мусім ніколі забыць тое, што тварылі ўсходнія варвары на нашай зямлі. Інакш усё паўторыцца. Наша памяць абараняе нас. Людзі, якія памятаюць сваю гісторыю, маюць будучыню.

Тут у Лошыцкім яры расстрэльвалі людзей у 1937 годзе. Аднак, неўзабаве гэтага месца аказалася мала для маштабу бальшавіцкіх забойстваў, і расстрэльваць сталі ў іншых месцах. Сьведка гэтых расстрэлаў жыхарка Лошыцы Вера Шумская распавяла мне, што часта людзей забівалі ня толькі ноччу, але і днём. Іх прывозілі ня толькі ў “хапунах”, але і ў бартавых машынах “палутарках”. Гэта былі простыя беларусы ў сялянскім адзеньні.

Яшчэ Шумская мне расказвала, што каля расстрэлаў удзень круціліся лошыцкія падонкі-камсамольцы, якія супрацоўнічалі з НКВД, і прасілі даць ім пастраляць у “врагов народа”. Ім давалі пастраляць і плацілі за стрэл 50 капеек. Гэта нікчэмныя грошы на той час. Але такім чынам энкавэдзісты прывязвалі сваю агентуру да саўдзелу ў злачынствах. Гэта былі “цітушкі” 30-х гадоў – характэрная асаблівасьць рускіх спэцслужбаў. Мы ўсюды назіраем гэтую злачынную іхнюю дзейнасьць: і на Каўказе, і ва Украіне, і ў нас, у Беларусі. Цяпер руская шпіёнская сетка ў Беларусі стварае групы па ўсёй краіне, дзе навучае дзяцей страляць і абалваньвае моладзь, каб потым яны стралялі ў сваіх братоў.

Лошыца, мартыралог Лошыцы нагадвае нам і пра гэта. Памяць пра мінулае дазваляе ўбачыць будучыню. Але будучыня нашая будзе сьветлай. Ужо нічога не атрымаецца тут у ворагаў чалавецтва. Мы бачым, як надыходзіць канец гнілой крывавай імпэрыі на ўсходзе. І калі яна разваліцца і зьнікне, тады ўсё чалавецтва ўздыхне з палёгкай. І акажацца, што бальшыня войнаў і забойстваў на Зямлі адбываліся таму, што існавала гэтая пачварная рэліктавая імпэрыя, якой нарэшце ня стала.

Памятайма Лошыцу і Курапаты. Шануйма нашых Дзядоў і адродзім нашу жывую Бацькаўшчыну Беларусь! Дзяды, дзяды, будзьце з намі!

Слава Айчыне!

Жыве Беларусь!

 

Зянон Пазьняк

8 лістапада 2015 г. 

Дадаць у: