(Выступ на кастрычніцкім 2016 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)
Паважаныя мябры Сойму, вітаю Вас у Бацькаўшчыне, зычу ўсім ваярскага настрою і веры ў нашу будучыню, якая нягледзячы ні на што, набліжаецца.
Агляд нашага ўнутранага жыцьця і сусьветных перамен паказвае, што ў апошні час адбываецца шмат кепскіх падзей.
У цэлым гэта дрэнная карціна, якая адлюстроўвае мэтадычнае ўмацаваньне сусьветнага зла і працяг крызісу эўра-атлянтычнай цывілізацыі.
Але адвернемся пакуль што ад сьвету і паглядзім канкрэтна, што адбываецца ў нас. 14 верасьня ў “лісьце да адраджэнцаў” (“Пасьля спэктакля”) я пісаў, што пропуск двух штрайкбрэхераў у “палатку” і замазваньне іх на фальсыфікацыі -- ня проста крымінальны прыём рэжыму, а ўзгодненая зь лявацкім Захадам палітыка. “Вось гэта якраз і стане тым аргумантам для левакоў (і проста крамлёўскай агентуры) на Захадзе, каб адзначыць “прагрэс” і, магчыма, нават часткова нешта прызнаць законным у гэтых ілжывых выбарах”, -- пісалася ў лісьце.
Так яно і сталася і дакладна ў пазначаных фармулёўках. Падлянка прыехала ад немцаў. 6-га кастрычніка ў Менску зьявіліся дэпутаты Бундэстагу Ута Фінк Крэмэр і Алівэр Качмарэк. Яны спаткаліся з дэпутатамі “палаткі”, з М. Мясьніковічам, з міністрам МЗС У. Макеем і паведамілі, што нямецкі Бундэстаг “на афіцыйным узроўні” будзе “працаваць” з абедзьвюма “палатамі”, забароны больш няма, бо немцы зрабілі выснову, што выбары ў “палатку” былі “мірныя” (гэта ж трэба – вайны не было) і “зь невялікім прагрэсам”, а “гэта знак таго”, -- сказалі ваяжоры зь Нямеччыны, што “парлямант хоць у нейкай ступені выбраны патрэбным чынам”.
Рэжымныя чыноўнікі ўзрадаваліся і пачалі фармаваць “групу дружбы з Бундэстагам”.
Я ня раз адзначаў, што па цынізму і падступнасьці немцы яшчэ могуць даць форы “русскому миру” і выйграць спаборніцтва.
Цікава, што гэтая істотная ў палітыцы падзея ніяк не заўважана і не абмяркоўваецца ў асяроддзі псэўдаапазыцыі і так званых “дэмСМІ”. Вельмі сымптаматычна і наводзіць на думку, што палітхаляўшчыкі таксама прыклаліся дзеля прызнаньня лукашызму ў Нямеччыне. Штрайкбрэхеры таксама былі ўзгодненыя.
Шчыра кажучы, нічога нечаканага тут няма. Нямецкая палітыка ў дачыненьні да Вялікага Княства Літоўскага (Беларусі) ужо больш за 200 гадоў не зьмяняецца. У 20-м стагоддзі яны з расейцамі паклалі Эўропу ў вагонь 2-й Сусьветнай вайны, цяпер немцы канкрэтна спрычыніліся да ўнутраннай ісламскай акупацыі Эўропы і ўмацоўваюць антыбеларускі рэжым.
Немцам (і нікому ў Эўропе) не патрэбная моцная Беларусь. Усім нявыгаднае Вялікае Княства Літоўскае (хіба што яно блізкае толькі Украіне, якая сама была часткай гэтага вольнага Княства). Рэчаіснасьць дэманструе нам тое кожны дзень і, здаецца, ужо сам Пан Бог зь Неба падказвае: Беларусы, дбайце самы пра свой лёс, бярыцеся за сябе.
Некаторыя асобы ўжо пасьпелі выказаць думку, што немцы, зважаючы на агрэсіўнасьць Расеі, гатовыя, маўляў, ахвяравацца дэмакратыяй у Беларусі дзеля яе незалежнасьці. Магчыма. Але навошта ім тады хлусіць і прызнаваць фальшывыя выбары. Яны маглі б абдымацца з рэжымам і без прызнаньня сфальшаваных выбараў. Навошта зьневажаць беларускіх выбаршчыкаў, якія ў масе сваёй сьведама праігнаравалі несумленныя выбары.
Калі па сутнасьці, то гэты выверт нямецкіх дэпутатаў нельга пакідаць без адказу. Мусіць быць беларуская заява з пратэстам у нямецкі Бундэстаг. Там не адна толькі партыя. Яшчэ трэба разабрацца, што гэта за Крэмэр з Качмарэкам.
Ужо даўно назіраецца карэкцыя тактыкі рэжымнай улады ў барацьбе супраць беларускага Адраджэньня. Цяпер, калі які пікет, ці хто са сьцягам, палкамі не малоцяць, у твар жанчыне кулаком ня б’юць, у хапуны ня кідаюць. Ціхенька складаюць пратаколы, прысуджаюць непамерныя, велізарныя і неабмежаваныя штрафы (якія немагчыма аплаціць), адбіраюць неабходную маёмасьць і пажыткі першай патрэбы. Гэтае рабаўніцтва пашыраецца. Зачыняюць апошнія беларускія школы (нядаўна зноў зачынілі 16 школаў), перасьледуюць палітычна актыўных беларусаў. І ўсё гэта “зь невялікім” нямецкім “прагрэсам”.
Карэкцыю рэжымнай тактыкі можна заўважыць на прыкладзе некаторых “дэмСМІ”. На “Свабодзе”, напрыклад, сталі рэгулярна даваць абшырныя інтэрв’ю з анонсамі былых камуністычных беларусажэрцаў і мярзотнікаў. Пастаяннымі пэрсанажамі з фота і відэа тут сталі рускія бандыты зь Беларусі, што забівалі на Данбасе ўкраінцаў, тыражуюцца іхныя каснаязычныя тупыя разважаньні, прапануецца тып сучаснага мэдыйнага героя – расейскага патрыёта-гопніка. Гэтая радыёстанцыя перамянілася ў нас на вачах. Франук Жук-Грышкевіч ужо, напэўна, перавярнуўся ў труне.
Працягваюцца наскокі прафанатараў у Курапатах. Лубянка ніколі не забудзе гэтае месца. Цяпер з “Бульбаш-холам” сьцішыліся, з навязваньнем расстрэлу «польскіх афіцэраў» заціхлі, з «габрэямі ў Курапатах» – таксама маўчок, падпалкоўнік Кузьняцоў схаваўся ў цень. Ўсё правпалілася. На першы план вышлі цяпер «грамадзкія актывісты» – пэрсанажы, якія робяць выгляд, што наўпрост не заўважаюць Народнага Мэмарыялу Курапаты, і гэтак, нібы ўсхвалявана, прамаўляюць, што трэба ратавацца і нешта ў Курапатах рабіць, што нейкі помнік трэба, а то загіне памяць, не маем, маўляў, маральнага права маўчаць. Кажуць, трэба аднавіць расстрэльны плот і будку для вартавога энкавэдзіста збудаваць. (Не было там ніякай будкі і ніякага вартавога, цемра!). Усё гэта выглядае вельмі камічна. Прафанатары ходзяць па Народным мэмарыяле Курапаты, створаным беларускімі людзьмі з Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі Народнага Фронту на працягу 16 гадоў, і робяць выгляд, што яго няма, заклікаюць тых, хто нічога ня ведае, «нешта рабіць», пішуць разважаньні. Так некаму хочацца языкамі балбатуноў ліквідаваць тое мэмарыяльна моцнае і народнае, што ўзьнікла ў Курапатах.
З усіх патугаў разбурыць Курапацкі Народны Мэмарыял гэты праект канторы, відаць, самы тупы. Штурхаюць яго актывісты з журналістыкі, водзяць за сабой дзеячоў літаратуры і мастацтва, гавораць заведамую лухту, што яны тут, маўляў, адкрылі дарогу, па якой вазілі на расстрэл і т.п. знаходкі «сякеры пад лавай». Усё яны, аднак, ведаюць, што і калі было адкрыта, усё чыталі – і пра дарогу сьмерці, і пра Вольгу Бароўскую, і пра шмат што іншае, да чаго яны ня маюць ніякага дачыненьня. Яны прыкідваюцца, а тое, чым займаюцца гэтыя прафанатары, правакатары і “экспэрты” называецца “тролінг”, альбо бесаўшчына, гэта значыць нахабнае гаварэньне заведамай хлусьні з мэтай заблытаць розумы і сумленьне людзей. Час такі. Але мы гэтую нечысьць вымецем.
Ёсьць яшчэ адна адмоўная зьява, пра якую я ня раз пісаў раней. Мы трацім палітычную эміграцыю Адраджэньня. Старэйшае пакаленьне ў ЗША і Канадзе адышло, а тое, што прыязджае з лукашысцкага калгаснага запаведніка, у бальшыні, практычна, няздольнае на палітычнае нацыянальнае думанньне. У лепшым выпадку выяўляюць культурныя памкненьні без апоры на ідэалогію. У гэтых умовах лёгка дзейнічаць агентуры і, практычна, паралізаваць любую арганізацыю. Але самае кепскае, што ў такіх умовах траціцца кантакт з палітыкамі краіны эміграцыі. Гэта вельмі дрэнна, бо эміграцыя мярцьвее, выпадае з кантэксту палітычнай барацьбы. Паправіць становішча няпроста, бо, як кажацца, няма з чаго, няма матэрыялу. Калгаснае балота разьліваецца па ўсім сьвеце. І толькі адзінкі шукаюць сваёй Беларусі.
Асабліва бядотны стан уяўляе Варшава. Так званая “праграма Каліноўскага” – гэта студэнцтва, палова зь якіх апошнім часам – зрусіфікаваная гапата ў квадраце. (Добра, што яе зачынілі). І давялі ўсё да дэградацыі і маразму не палякі (ім можна толькі падзякваць), а тыя, хто займаліся гэтым ў Беларусі.
Усё гаворыць за тое (ізноў жа – пра што мы добра разумеем), што трэба зьбіраць і гуртаваць лепшых, эліту жыцьця, здольных, разумных, сьмелых у розуме і адданых Бацькаўшчыне ў сэрцы, зьбіраць нават па аднаму, нават днём, запаліўшы сьвечку. Разам сабраныя, яны вырашаць шмат што.
9.Х.2016 Зянон ПАЗЬНЯК