НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Зянон Пазьняк пра Генадзя Кісялёва

Зянон Пазьняк пра Генадзя Кісялёва

Радыё Свабода

Паважаныя сябры. Прашу праз радыё “Свабода” перадаць Яніне Міхайлаўне Кісялёвай, яе дочкам, Ліі і Натальлі, мае найшчырэйшыя спачуваньні і жаль у сувязі са сьмерцю Генадзя Васільевіча Кісялёва.

У пару майго асьпіранцтва і працы ў Інстытуце Мастацтвазнаўства, Этнаграфіі і Фальклёру я добра ведаў Генадзя Васільевіча, бываў у яго дома; мы размаўлялі зь ім пра праблемы гісторыі літаратуры, пра творчасьць Дуніна Марцінкевіча і ўдзелу яго ў паўстаньні 1863 года. Тады, у 1960-х, мы ўсе чыталі “Сейбіты вечнага” і ”З думай пра Беларусь”. Гэтыя кнігі нам імпанавалі ня толькі тэмай і адкрыцьцямі, але і ўзроўнем, на якім яны былі напісаны. Гэта высокі ўзровень. Генадзь Кісялёў глыбока разумеў філясофію гісторыі і сутнасьць літаратуры, тэорыю яе існаваньня ў часе і сьветапоглядзе. Яго гістарычныя пошукі, дасьледваньні і адкрыцьці не былі толькі эмпірыкай. Ён, як ніхто, умеў іх выявіць, паказаць у панараме жыцьця нашага гістарычнага духу і пульсу вызвольных ідэй.

Генадзь Кісялёў быў чалавекам вялікай эрудыцыі, ведаў і надзвычайнай працавітасьці. І пры ўсім пры тым — гэта быў вельмі сьціплы, спакойны і ўраўнаважаны чалавек, які нідзе, ніколі (колькі я яго тады ведаў і памятаю) не выстаўляў сябе вышэй за іншых. На самай справе, Генадзь Васільевіч Кісялёў — гэта самы выбітны, глыбокі і выніковы беларускі гісторык літаратуры і літаратуразнаўца 2-й паловы ХХ-га стагоддзя. Ягоныя заслугі перад гісторыяй беларускай літаратуры вялікія, магутныя. Гэта мур ведаў, Мірскі замак, што пануе над навакольлем. Пакаленьні беларусаў будуць зьвяртацца да ягоных дасьледваньняў і кніг, чэрпаць веды і адчуваць гонар за вялікую Бацькаўшчыну.

Пухам зямля, паважаны Генадзь Васільевіч!

Слава Беларусі!

14 лістапада 2008 г., Нью-Ёрк

Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: