НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Зянон Пазьняк распавядае, чым яго ўразіла кніга Аўгена Калубовіча.

Зянон Пазьняк распавядае, чым яго ўразіла кніга Аўгена Калубовіча.

(19.12.2015 20:36. Польскае Радыё (Беларуская Рэдакцыя.) ў Польшчы)

Пазьняк: ніводная кніга не ўзрушыла мяне так, як гэта

Зянон Пазьняк перавыдаў за ўласны кошт кнігу Аўгена Калубовіча “Мова ў гісторыі беларускага пісьменства”. Паводле палітыка й мастацтвазнаўцы, ніводная кніга дагэтуль не ўзрушыла яго, як гэта. Арыгінальнае выданьне пабачыла сьвет у Лёндане ў палове 1970-ых гадоў. У кнізе беларускі дасьледчык распавядае пра багацьце беларускіх бібліятэк і архіваў, пачынаючы ад 12 ст. і пра незваротную страту многіх бясцэнных помнікаў беларускай культуры.

З. Пазьняк: Калі пачынаеш гэта чытаць, колькі было бібліятэк, колькі было кніжных збораў, то ўражаньне незвычайнае – іх былі сотні ў Вялікім княстве. У кляштарах, у замках, у школах, у магістратах. Прыводзяцца канкрэтныя лічбы. У 17 ст. у бібліятэцы Радзівілаў у Нясьвіжы было звыш 20 тысяч кніг і рукапісаў. У 15-16 стст. у вялікакняскай бібліятэцы было 4 тысячы. Да канца стагодзьдзя іх было ўжо некалькі дзясяткаў тысяч. Полацкая езуіцкая акадэмія, аршанская. Кнігі былі ў асноўным па-беларуску, на лаціне, на грэчаскай мове, на стараславянскай. Кнігі былі з усяго сьвету, але ў асноўным выданьня беларускага. Вельмі шмат было рукапісаў.

“Гэта адна з тых кніжак, якія выварочваюць душу ад крыўды на жорсткасьць гісторыі, прымушаюць моцна біцца сэрца, і попел пакаленьняў стукае ў скронь, - піша Зянон Пазьняк у прадмове да кнігі “Мова ў гісторыі беларускага пісьменства”. - Сухой мовай фактаў, скрупулёзна і пэдантычна паказана, як пасьлядоўна й мэтадычна нішчылі вялікую беларускую кніжную культуру варвары, войны, акупацыі, ворагі й беспамяцтва”.

Апісаньне Калубовічам архіваў неверагоднае. Ён апісвае падрабязна, як у канцы 15 ст. пачала стварацца Літоўская мэтрыка. Яшчэ перад гэтым быў вялікакняскі архіў, яшчэ з 1380 года. Апісваюцца архівы, якія былі ва ўсіх кляштарах, духоўных акадэміях, якія былі ў езуіцкіх вучэльнях, у калегіюмах, у магістратах, у павятовых і гродзкіх судах, у замкавых судах. Гэта тысячы архіваў. І Калубовіч падае ўсе архівы, дзе яны былі, і дзе яны цяпер. Гэтае апісаньне займае мову.

З. Пазьняк: Але самае спрашнае – гэта вывазы й нішчэньне помнікаў пісьменства. У асноўным зьнішчалі маскоўцы. У 1708 годзе цар Пётр І Шалёны загадаў спаліць усе архівы Віцебска й Магілёва. Гэтыя архівы вывозіліся па загадзе Кацярыны. Калубовіч падрабязна апісвае як была вывезеная Літоўская мэтрыка. Спачатку ў Пецярбург, потым палову адправілі ў Маскву. Калі захапілі нашу тэрыторыю: архівы перадавалі на макулатуру – на пуды. Нашыя кнігі й архівы сталі асновай рускіх музэяў: пецярбургскіх і маскоўскіх. Быў такі расейскі фальклярыст Бяссонаў, які загадваў Віленскай геаграфічнай камісіяй. Дык вось, у той бібляітэцы было вялікакняскіх кніг – больш за 60 тысяч. Немагчыма спакойна чытаць пра тое, як гэта нішчылася. Проста баліць сэрца.

З сучасных беларускіх земляў вывозіліся цэлыя зборы й архівы. Па загадзе патрыярха Нікана пад Ноўгарад у 1656 годзе быў вывезены збор Куцейнаўскага кляштара. У 1654 годзе быў вывезены Баркулабаўскі летапіс і архіў Галоўнага трыбунала ў Наваградку. У Пецярбург у 1772 годзе была вывезеная ўся бібліятэка Радзівілаў. У гэты ж час Кацярына загада вывезьці з царкоўных і прыватных бібліятэк радаслоўныя самых славутых шляхецкіх родаў. Гаворка пра, прынамсі, 200 летапісаў. Яны трапілі ў Эрмітаж. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай архівы ВКЛ былі падзеленыя паміж Масквой і Пецярбургам, некалькі тысяч кніг і дакумэнтаў трапілі і ў Прусію. Архіў зачыненага Віленскага ўнівэрсытэта ў 1832 г. быў вывезены ў Міністэрства народнай асьветы ў Пецярбург. Пасля закрыцьця Полацкай езуіцкай калегіі каля 180 тысяч кніг і 106 рукапісаў былі вывезеныя ў Расею. Такі ж лёс спаткаў бібліятэку Сапегаў у Дзярэчыне, бібліятэку Храптовічаў у Шчорсах, Сапегаў, збор Баброўскага і шмат іншых. Пасьля ліквідацыі вуніяцкай царквы праваслаўны мітрапаліт Сямашка загадаў спаліць у печках архіў і бібліятэку ў Жыровічах. Афіцыйна гаворыцца пра звыш 2 тыс. кніг.

Ужо ў савецкія часы ў кацельні аддзела культуры Стаўпецкага райвыканкама быў спалены архіў Караля Станіслава Радзівіла. Пералік зьнішчэньняў у Калубовіча займае палову кнігі й падмацаваны спасылкамі на гістарычныя крыніцы.

“Кніга Калубовіча важная для ўсьведамленьня вялікасьці нашай культуры”, - гаворыць Пазьняк. - “Прачытаўшы яе, думаеш – Божа, як мы яшчэ жывем, як нацыя. Як мы засталіся жывыя?

З. Пазьняк: Гэтае зьнішчэньне працягвалася й бальшавікамі. Я сам быў сьведкам, як у 1970-ыя гады, па загадзе Машэрава, вынішчаліся так званыя жалезныя фонды ў бібліятэках. То бок малачытабэльная літаратура, якая ляжала незапатрабаванай, ці якая была ў 2-3 асобніках, яе здавалі ў макулатуру. Я ўжо быў навуковым супрацоўнікам. Іду ў акадэмічную бібліятэку, пазнаёміўся там з супрацоўніцай. Яна была сэрбка. І яна разумела, што адбываецца. Яна паклікала мяне й кажа: - Паглядзіце, якія кнігі адклалі ў здачу ў макулатуру. І яна прапанавала аддаць мне іх. Я забраў. Гэта былі рукапісы магістрата Магілёва 18 ст, арыгінальнае выданьне Фрынаса, масу рукапісных кніг, але ўжо перавыдадзеных кніг, геаграфічнай камісіі. Кнігі 17 ст. Гэта выкідалі ў акадэмічнай бібліятэцы. Гэтыя кнігі цяпер у мяне.

Паводле Пазьняка, неабхода спрабаваць вярнуць помнікі беларускага пісьменства ў Беларусь. Ён узгадвае, як 15 гадоў таму былы дырэктар менскага Музэя гісторыі й этнаграфіі Антон Шукелойць, распавёў пра вываз багатага збору музэя ў Нямеччыну ў 1944 годзе.

З. Пазьняк: Экспазыцыя была вывезеная ў мястэчка Гёхштат (Höchstadt). Я знайшоў здымак палацу й надрукаваў у кнізе “Гутаркі з Антонам Шукелойцем”. Але ці дабраўся туды нехта зь беларусаў? А можа нашыя скарбы яшчэ ўсё там? Калі не там, то дзе?

Інтэрв’ю: Дзьмітры Гурневіч

http://radyjo.net/4/91/Artykul/233630

Аўген Калубовіч (Kаханоўскі) —беларускі грамадзкі дзеяч, пісьменьнік, гісторык і публіцыст — нарадзіўся ў 1910 годзе ў мястэчку Ціхінічы Рагачоўскага павету Магілёўскай вобласьці. У 1930 годзе асуджаны на тры гады сталінскага канцлягеру за беларускі патрыятызм. Вярнуўшыся з канцлягеру, працаваў настаўнікам. У гады Другой Сусьветнай вайны быў у Менску, уваходзіў у склад Беларускай Цэнтральнай Рады, удзельнічаў у Другім Усебеларускім Кангрэсе (1944 г.). Пасьля вайны — у эміграцыі. Быў прэм’ерам ураду БНР, выдаваў беларускія часопісы, займаўся літаратурай і навукова-дасьледчыцкай дзейнасьцю, друкаваў кнігі. Памёр у 1987 годзе, пахаваны ў Кліўлендзе (ЗША).

- See more at: http://radyjo.net/4/91/Artykul/233630#sthash.3gxtUULc.dpuf

Дадаць у: