НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Зянон Пазьняк. Сымволіка

Зянон Пазьняк. Сымволіка

( Урывак з артыкула “Развагі пра беларускія справы” )

У канцы мінулага году ў Маскве было ўсё гатова, каб зрабіць рашучы паварот у захопе Ўкраіны. Дамоўлена з Эўразьвязам, Пуцін ужо адкрыта езьдзіў на Ўкраіну, як да сябе дахаты, адкрыта падтрымліваў расейскага стаўленьніка Януковіча. Але здарылася для Масквы непрадбачанае – рэвалюцыя. Расейскі імпэрыялізм абламаў зубы аб украінскі народ.
Цяперака гэбоўская агентура ў Беларусі і розныя “масьці” пад выглядам “апазыцыі” ды “аналітыкаў” задаюць усім ёрніцкае, быццам бы пустое, але правакацыйнае пытаньне: якога колеру будзе беларуская рэвалюцыя? Аранжавага ці якога?

Адзін антыбеларускі дзеяч сказаў, што ў Беларусі ня будзе рэвалюцыі: ні аранжавай, ні ружовай, ні зялёнай, ні бананавай, – сцьвярджаючы, што яе ня будзе ўвогуле.

Рэвалюцыя, аднак, станецца. Яна непазьбежная. Але яна ня будзе ні аранжавай, ні ліловай, ні фіялетавай, ні сіне-зялёна-серабрыстай, ні чорнай, ні жоўтай. Бо ў краіне, дзе забароненыя нацыянальныя сымвалы, нацыянальная рэвалюцыя можа быць толькі пад нацыянальнымі сымваламі – і ні пад якімі іншымі.

Нацыянальная рэвалюцыя на Беларусі можа стацца толькі Бел-Чырвона-Белай. Усё астатняе, усе іншыя расфарбоўкі ня будуць і ня могуць быць рэвалюцыяй на Беларусі, а якраз наадварот – гэбоўскай антыбеларускай “контрай”, закамуфляванай пад нейкі фарбшцюк.

Сытуацыя ў кучмаўскай Украіне істотна розьнілася ад цяперашняга становішча ў Беларусі. На Ўкраіне не было антыўкраінскага акупацыйнага рэжыму, там не была зьнішчана ўкраінская школа, мова і культура і не былі забароненыя нацыянальныя сымвалы. Наадварот, украінскі сьцяг і гэрб былі афіцыйнымі дзяржаўнымі сымваламі Ўкраіны.

Паколькі не было чужароднай акупацыі і не існавала праблемы і пагрозы ўкраінскім сымвалам, пытаньне аб уладзе магло вырашацца пад любым умоўным распазнавальным колерам. Украінскі сьцяг афіцыйна існаваў, і ягоныя колеры аб’ядноўвалі ўсіх.

Калі б украінскі сьцяг быў забаронены рэжымам (як у Беларусі), то рэвалюцыя на Ўкраіне была б толькі жоўта-блакітнай. У гэтым адлюстраваліся б сэнс, прынцып і прырода палітычнага змаганьня. Іншага ў нацыянальнай рэвалюцыі быць не магло.

Прывяду прыклад, як пасьля забароны рэжымам беларускага сьцяга і гэрбу “Пагоня” агентура спрабавала зрабіць іх падмену ў шэрагах беларускага Адраджэньня.

У 1997-98 гг., якраз калі чужыя сілы рыхтавалі атаку на Беларускі Народны Фронт, у ягоным асяроддзі, раптам, пачалі прапаноўваць ва ўжытак новыя сымвалы (нібыта дзеля распазнаньня “дэмакратыі”). Замест “Пагоні” падсунулі бусла (маўляў, няхай жыве “беларуская птушка бацян”). Графіка ўзьлятаючага “бусла” дакладна нагадвала малдаўскі лікёра-водачны і вінны фірмовы знак. Пры памылковай падтрымцы Л. Баршчэўскага, які тады быў маім намесьнікам і выконваючым абавязкі старшыні Фронту на Беларусі, “бусел” раптам стаў шырока тыражавацца замест “Пагоні”. Ён зьявіўся на дэманстрацыях, на плякатах, на расьцяжках, на значках і г. д. Фронтаўцы, аднак, хутка зразумелі сэнс гэтай афёры і спынілі агентурную “самадзейнасьць”.

Аднак, зноў жа, калі б “Пагоня” заставалася дзяржаўным гэрбам, то нічога шкоднага ў ініцыятыве з “буслам” не было б. Але ў тым і справа, што такая ініцыятыва ўзьнікла, як нібыта “бязьвінны” (на першы погляд) працяг вынішчэньня беларускіх нацыянальных сымвалаў, выцясьненьня іх з грамадзкай сьведамасьці.

Калі цяпер пры нейкай новай грамадзкай сытуацыі, ці нават пры звычайным “малпаваньні” (бяздумным перайманьні чужога) мы ўбачым якія-небудзь іншыя, ненацыянальныя колеры, ведайма: тут адыход ад Беларусі (сьведамы ці нясьведамы), ад разуменьня таго, што сталася з краінай, ад сьвятога, ад таго, за што змагаліся лепшыя людзі Айчыны. Па колерах пазнаем іх.

6-га лютага 2005 г.
Нью-Ёрк

Дадаць у: