НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Інтэрв’ю

Зянон Пазняк: За адну назву “Бульбашъ” трэба падаваць у суд

Палітык Зянон Пазняк падзяліўся з Еўрарадыё меркаваннем наконт таго, што каля Курапат можа быць пабудаваны забаўляльны комплекс “Бульбашъ-холл”.

 

 

Еўрарадыё: Што вы мяркуеце наконт будаўніцтва забаўляльнага комплексу “Бульбашъ-холл” каля ўрочышча Курапаты? 

Зянон Пазняк: У краіне, дзе ўлада праводзіць антыбеларускую палітыку, гэта не можа быць выпадковасцю — гэта сістэматычная праява антыбеларускай палітыкі, праяўленне этнацыду. На жаль, гэта не адзінкавы выпадак: за апошнія дзесяць гадоў было некалькі спробаў знішчыць Курапаты. Самая скандальная спроба, калі ў 2001 годзе будавалі аўтастраду, у 2002 годзе зрабілі адвод вады пад крыж, выкапалі 40-метровую траншэю і хацелі зрабіць вадасцёкі. І тады пад крыжам у Курапатах было балота і твань, сябры КХП-БНФ прыйшлі з рыдлёўкамі і за адзін дзень засыпалі гэты роў. У 2006 годзе быў запраектаваны “Горад Сонца” каля самых Курапатаў — гэта быў бы комплекс для заможных людзей, прадугледжвалася пабудова катэджаў. З цяжкасцю ўдалося гэтага пазбегнуць. Трэба адзначыць, што грамадскасць, якая бараніла Курапаты, здолела дамагчыся таго, што была створаная ахоўная зона вакол. Мала таго, што Курапаты прызнаныя помнікам, але існуе зона, дзе нельга нічога будаваць і рабіць. І ёсць зона рэгуляванай забудовы, дзе можна будаваць не вышэй за адзін-два паверхі, але не вызначана, якія функцыі мусяць быць у гэтых будынкаў. Акурат гэта і выкарыстаў рэжым, там пачынаюць будаваць аб’екты, якія супярэчаць мемарыяльнай памяці, павазе да народы і гісторыі. Справа цёмная, што там пабудуюць — можа быць, і патаемны бардэль. Хаця, у краіне прастытуцыя пад забаронай. Больш за тое, гэты рэстаран у праектнай дакументацыі называецца “Бульбашъ” з цвёрдым знакам — гэта ў першую чаргу праява ксенафобіі і нацыянальнай нянавісці на бытавым узроўні. Гэта знявага нацыянальнага гонару. Толькі за адну  такую назву трэба падаваць у суд. Але пабудова гэтага комплексу — толькі пачатак, плануецца рэалізацыя яшчэ аднаго праекту гандлёвага цэнтру, гэта чарговая знявага нацыянальнай святыні. 

Еўрарадыё: У інтэрнэце развярнулася дыскусія, што людзі ў Заходняй Еўропе жывуць і функцыянуюць каля могілак — і нічога страшнага не адбываецца. Ці карэктна параўноўваць сітуацыю вакол Курапат з гэтай практыкай?

Зянон Пазняк: У Заходняй Еўропе няма антыеўрапейскага рэжыму: няма антыпольскай, антычэшскай улады, няма пераследу за мову, няма такога кашчунства. Так, сапраўды, могуць жыць людзі каля могілак, але павінна быць функцыянальнае рэгуляванне такой тэрыторыі. Там не могуць быць басейны, стадыёны — гэта рэгулюецца мараллю, традыцыяй у цывілізаваных краінах. У Еўропе гэтага няма ў законе, бо рэгулюецца культурай, а ў Беларусі свая культура нішчыцца. Не можна ладзіць канкан на труне. 

Еўрарадыё: Сябры партыі КХП-БНФ плануюць нейкую кампанію ў абарону Курапат?

Зянон Пазняк: Трэба праверыць заканадаўчыя палажэнні, якія былі парушаныя, праверыць функцыянальнасць гэтага праекту, высветліць, хто за ім стаіць і хто інвестуе. І гэта мусіць рабіць не толькі адна партыя, але да гэтага мусіць далучыцца грамадскасць. Будзе традыцыйнае шэсце на Дзяды 28 кастрычніка, падчас якога, безумоўна, агучаць гэтыя праблемы, і пэўныя рашэнні будуць прынятыя.



http://euroradio.fm




Дадаць у: