НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЗЯНОН. «ТЭРРА ДЭЙ» ПА-ПОЛЬСКУ І «РАБІНЗОН КРУЗА» З ВАТЭНШТЭТУ

ЗЯНОН. «ТЭРРА ДЭЙ» ПА-ПОЛЬСКУ І «РАБІНЗОН КРУЗА» З ВАТЭНШТЭТУ

Выйшла з друку кніга вершаў і фатаграфіяў Зянона «ТЭРРА ДЭЙ» (Terra Dei) у перакладзе на польскую мову. Кніга «ТЭРРА ДЭЙ» зьявілася ў 2014 годзе. Гэта ў пэўнай ступені праграмны твор аўтара і па зьместу, і па афармленчай мастацкай падачы, якую заўсёды робіць сам паэт і фотамастак.

У «ТЭРРА ДЭЙ» сабраныя новыя вершы паэта, апавяданьні, публіцыстычныя артыкулы і фатаграфіі, якія зьвязаныя з паэтычнай часткай кнігі як адзінае цэлае адлюстраваньне і выяўленьне тэмы.

У апошні час, пачынаючы з 2007 года, з узмацненьнем антыбеларускага рэжыму і з умацаваньнем палітыкі замоўчваньня дзейнасьці Зянона Пазьняка творчасьць аўтара атулена ў Беларусі поўным маўчаньнем. Часам даюцца перадрукі замежных водгукаў у Інтэрнэце (напрыклад, артыкул Віктара Шукеловіча пра нядаўна надрукаваны раман Зянона «Палын-палын...» (2016 г.).

Тым часам у Польшчы паэзію Зянона перакладалі Рамуальд Мечкоўскі (2003 г.), Адам Паморскі (2008 г.), Чэслаў Сэнюх (2010-2011 гг.), Ірэна Грынцэвіч (2014-2017 гг.).

У 2014 годзе польская паэтэса Ірэна Грынцэвіч зрабіла пераклад вершаў зь вялікай паэтычнай фота-кнігі Зянона «ДАРОГА» (там больш за 800 вершаў) пад тытулам «OJCZYZNA WIECZNA» (2014 г.).

Цяпер у перакладзе Ірэны Грынцэвіч выйшла «TERRA DEI» (200 вершаў). Выданьне аформлена і выдадзена аўтарам Зянонам як кніга фота-вершаў (тут каля ста фота) і выглядае адметным творам з новым падыходам у чорна-белым варыяньце. Бальшыня фота надрукавана ўпершыню.

Пераклады Ірэны Грынцэвіч (якая валодае беларускай мовай) вылучаюцца блізкай адпаведнасьцю арыгіналу.

Характэрна, што ў дадатку да «TERRA DEI» аўтар зьмясьціў таксама пераклады сваіх вершаў на ўкраінскую мову (пераклад – Іва Падольска), а таксама пераклады на грузінскую мову (пераклад -- Эмзар Кахідзэ), на ўдмурцскую (пераклад – Алена Ніканава) і марыйскую мовы (пераклад – Сьвятлана Грыгор’ева).

У 2008 годзе вершы ЗЯНОНА (так паэт падпісвае свае творы) друкаваліся таксама ў Італіі ў асобным выданьні ў перакладзе па-італьянску знаўцам моваў і гісторыі мастацтва Валеры Буйвалам.

«OJCZYZNA WIECZNA» мела прэзэнтацыю ў Еленей Гуры. «TERRA DEI» аўтар зьбіраецца прэзэнтаваць у Варшаве.

 

За апошнія 15 гадоў, знаходзячыся, фактычна, у рэжыме выжываньня, Зянон Пазьняк здолеў неверагоднымі высілкамі выдаць больш за 30 кніг. Бальшыню -- аўтарскіх (гэта ня лічачы рэгулярнага выданьня «Беларускіх Ведамасьцяў»). Ён адчыніў баларускаму чытачу «Парсіваля», выдаў факсімільна кнігу Аўгена Калубовіча аб гісторыі беларускай мовы, і вось цяпер толькі што вышла ягонае факсімільнае выданьне «Рабінзон Круза», надрукаванае ў 1947 годзе ў перакладзе Сьвятаслава Каўша ў лягеры Ватэнштэт для перамешчаных асобаў ў брытанскай акупацыйнай зоне Нямеччыны. Гэтай сваёй гісторыяй выданьне якраз і найбольш цікавае і выдавец піша пра тое ў прадмове і пасьляслоўі.

У канцы кнігі выдавец зьмясьціў дадатак аб некаторых пэрыядычных беларускіх часопісах ў Ватэнштэце і ўвогуле ў эміграцыі. Гэты ілюстрацыйны дадатак, мяркую, шмат для каго будзе пазнавальным пра той час і, галоўнае, пра тых беларусў, што ў цяжкіх лягерных ўмовах, калі не хапала хлеба, думалі пра беларускую культуру, выдавалі нават кніжкі для дзяцей, часам рукатворныя, размаляваныя алоўкамі, і ўздымалі ўгару «наш беларускі вольны дух»

 

3 красавіка 2017 г.                                                                                                     М. Якушэвіч

Дадаць у: