НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЗЫХОД У ВЕЧНАСЬЦЬ

ЗЫХОД У ВЕЧНАСЬЦЬ

Не жыве больш наш знакаміты грамадзка-культурны дзеяч, вядомы ў Віленшчыне і ў Беларусі, спадар Хведар Нюнька. Памёр 15-га жніўня. З 1989 года па 2014 ён кіраваў Таварыствам Беларускай Культуры ў Летуве (ТБК). Калі ў пачатку 2000-х Масква і лукашысты ўзяліся нішчыць беларускія арганізацыі ў замежжы, то найперш дзякуючы пазыцыі і энэргіі Хведара, ТБК было ўратаванае ад расколу і перакупу і па сёньняшні дзень стаіць на адраджэнскіх пазыцыях актаў 25 Сакавіка і 25 Жніўня.

            Хведар Нюнька быў энэргічны і крэпкі чалавек. На здароўе ня скардзіўся. Бацька ягоны пражыў 96 гадоў, працуючы і не хварэючы. І Хведар мусіў бы пражыць ня менш, калі б ня зьбег няшчасных выпадкаў. Другога выпадку ягоны арганізм не перажыў. Вельмі шкада. Хоць яму было ўжо 90 гадоў, але сьмерць сталася заўчаснай. Такі, магчыма, лёс Хведара. Беларускае грамадзтва панесла страту. Яшчэ шмат што было ня зроблена, ня ўспомнена, не запісана, не апублікавана.

            Мне запомніўся ягоны расповяд як у 1944 годзе ў Вільні, куды ён толькі што пераехаў і жыў у добра мне вядомым доме на Завальнай, аднойчы на сьвітаньні пачулася хорам сьпяваная жаўнерская песьня-гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Зірнуў у вакно: па вуліцы калёнаю ішлі жаўнеры БКА (гэта былі якраз аддзелы Барыса Рагулі), якія ўступілі ў Вільню і крочылі далей у Прусію на ўзьбярэжжа. У вялікім ўзрушэньні малады Хведар і бацькка ягоны сталі на калені і пачалі маліцца. Сьлёзы цяклі з вачэй...

            Шкода, што не ўдалося яшчэ дажыць да сьветлага часу, калі вернуцца жаўнеры БКА, ідучы маршам па бруку, і Сьцяг Беларускі, бы вецер, лунаў над галовамі. Яны вернуцца!

            Бывай, Хведар Якубавіч. Пухам табе Віленская наша зямля.

 

16 жнівень 2018 г.                                                                            Зянон Пазьняк

Дадаць у: