Цяпер шмат якія беларусы сталі разумець што такое "інфармацыйная вайна" і што такое Расея ў гэтай вайне. Пасьля пуцінскай агрэсіі супраць Украіны і захопу Крыма, як кажуць, разумець жыцьцё прымусіла. Інфармацыйная вайна супраць Беларускага Адраджэньня не спынялася ніколі і працягваецца цяпер. Гадоў сем таму з нагоды грубай ілжы супраць мяне і беларускага змаганьня за свабоду, я зацікавіўся антыбеларускай рыторыкай Сьвятланы Алексіевіч і заўважыў там поўнае падабенства яе з камуністычнымі прыёмамі расейскай прапаганды.
Класічны расейскі штамп прапагандовай ілжы, -- гэта даверлівы тон субяседніка, які нібыта размаўляў з "аб’ектам", і "аб’ект" нібыта так і гэтак казаў, а субяседнік тады "задумаўся" і г. д. Субяседнік-ілгун такім чынам выступае ў ролі сьведкі, які сьведчыць, напрыклад, пра "ўкрыжаваньне хлопчыка цьвікамі" ці аб службе Пазьняка "ў нямецкіх паліцаях". Прапагандысцкі разьлік тут не настолькі на тое, што ў такое павераць, колькі на тое, што "качку" стануць цытаваць і хлусьня паедзе сваім шляхам.
Другі прыём -- гэта такога роду прапагандысцкі рэлятывізм, калі амаль адначасна паведамляецца хлусьня і контрхлусьня як адзіная праўда. Ў выніку хлусьня павінна засвойвацца ўсімі. Гэта, напрыклад, каронныя паводзіны махляра ад прыроды, хлуса-самародка А. Лукашэнкі. У Вярхоўным Савеце пад час Сэсіі ён мог на адну і тую ж тэму нараніцы казаць адно, у абед іншае, а вечарам насуперак таму, што казаў нараніцы і ў абед адначасна. І ўсё гэта зь верай у сваю праўду.
Не здарма Алексіевіч так хваліла Лукашэнку як "адзінага палітыка" ў Беларусі. Ягоным мэтадам спадарыня часта карыстаецца. Варта толькі параўнаць чаго яна нагаварыла ў плыні сваёй сьвядомасьці.
Месяц таму ў інтэрв’ю нямецкай "Тагэсцайт" яна паведаміла немцам нвступнае: "Беларусы маюць рабскі менталітэт. Гэта маленькая нацыя, яна заўсёды была прыгнечаная." ("Die Weißrussen haben eine Sklavenmentalität. Es ist eine kleine Nation, sie war immer unterdrückt.").
Праз месяц, 12-га чэрвеня, выступаючы перад бруклінскімі эмігрантамі-габрэямі ў Нью-Ёрку, Алексіевіч рэпрэзэнтуе сябе рускай "пісьменьніцай" і ўжо кажа наступнае: "И понимаете, я никогда не поддерживаю вот этих слов "народ быдло", "народ раб". Это не точные слова."
Ну і як тут ня ўспомніць Лукашэнку. Для немцаў спадарыня кажа, што "Беларусы маюць рабскі менталітэт", нацыя, якая "заўсёды была прыгнечаная", а для бруклінскіх савецкіх габрэяў (сярод якіх былі беларусы) гаворыць, што і словаў такіх не падтрымлівае, што яны "не точные" і "не честные". Дык можа тады трэба было пакаяцца? Аж не. Тут цішыня. Усюды, значыцца, правільна. Амбівалентная псіхапатыя, поўная антыномія. Але тут не абсурд. Такая ёсьць расейская прапагандысцкая мэтодыка дэзінфармацыі.
Цікава было таксама паслухаць той выступ перад габрэямі, ў тым сэнсе, што , як паведаміла спадарыня, "Поляки хуже всех относились к евреям. Ксендзы прямо проповеди произносили "убей еврея!"
І дзе толькі трэба было выкапаць такую жаўцізну! Зрэшты, Алексіевіч сама такую "жаўцізну" і стварае, разважаючы пра рэчы і тэмы, ў якіх не разьбіраецца, трактуючы свае паняцьці на нізкім мяшчанска-бытавым узроўні. Любімая слабасьць спадарыні -- пусьціцца ў развагі пра палітыку (пра якую яна ня мае зялёнага паняцьця) і з разумным выглядам множыць прафанскія глупствы. Вось узорчык, сказаны перад бытавой публікай у Вашынгтоне: «У Беларусі... Гітлер падчас вайны зьнішчыў габрэяў. Гэта была галоўная культурная праслойка ў нашай краіне. На гэтым стаяла культурная стабільнасьць і трываласьць. Зараз гэтае сялянскае насельніцтва без эліты і, канечне, веды толькі адныя — сялянскія." (http://www.svaboda.org/a/27809828.html)
Такія опусы (не даючы веры) праслухваеш і прачытваеш двойчы, каб пераканацца, што такое сапраўды сказана. Ну да чаго ж замшэлы прапагандовы атавізм! Да чаго ж гэта ўсё прапагандова прымітыўна, бяз проблеску сумленнага інтэлекту.
Не камэнтуем прафанскае (і цалкам ілжывае) выказваньне, але зьвяртаем ўвагу, што па палітычным падтэксьце -- гэта тая пячорная прапагандысцкая міфалогія, якой "русский мир" і Алексіевіч займаюцца ўвесь час. Маўляў, у Беларусі нічога няма, толькі сяляне, лапці, бедната. Была "эліта" і тыя габрэі.
У плане нашай беларускай рэчаіснасьці неабходна разумець, што людзі тыпу Алексіевіч, якія прыкідваюцца інтэлектуал-дэмакратамі, якія цяпер крыху крытыкуюць Пуціна і "русский мир", гэтыя людзі на паверку, рэальна і адначасна цягнуць у Беларусь гэты самы "русский мир" з чорнага ўваходу, са двара, толькі ў квазі-дэмакратычнай абгортцы і фразеалогіі. Мы ўсё гэта праходзілі і бачылі даўно і ўвесь час, калі такія разумнікі (маўляў, не в пример местным дуракам) імкнуцца пад выглядам "талентаў" і "інтэлектуалаў" цягнуць у Менск розных расейскіх маргіналаў, адкіды Масквы, усялякую маскоўскую тусовачную гразь, даваць ім слова, вадзіць пад ручкі, падымаць "інтэлектуальны" ўзровень на аснове маскоўскай адсталасьці.
Зьява, якая ўзьнікла разам з нобэлеўскай авантурай Алексіевіч ніколі ня будзе на карысьць Беларусі (немцы не дарэмна стараліся). Яна здольная мімікрыравць, але ніколі не ўспрыме ні беларускія ахвяры за свабоду Беларусі, ні беларускі гераізм гэтых ахвяр, ні беларускую мову, ні беларускае Адраджэньне, на якое яна ляпала ўсё свай жыцьцё. Яна непрыязная, чужая Беларусі па сваёй прыродзе. Гэта ж не сьветлы Мулявін, не разумны Шчакаціхін. Ня майце ілюзій, беларусы. Не прыгравайце гадзіну! Меркаваньні, што тут нешта пераменіцца, -- ілюзорныя, якія, магчыма, некаторым людзям прыемна перажываць, але яны ня маюць нічога агульнага з рэчаіснасьцю
Шмат якія беларусы (Алег Трусаў, напрыклад) лічаць, што ня трэба дыскутаваць з такой асобай, ды ўлазіць у яе хваравітыя закамплексаваныя разважаньні. З гэтым можна пагадзіцца. Але трэба ведаць, што нобэлеўская авантура з Алексіевіч падрыхтавана рацыянальнымі немцамі таксама і дзеля таго, каб яна ціха і беспакарана (як і ўвесь час дагэтуль) плявала нам, беларусам, у твар з вышыні "Нобэля" і каб мы нічога не маглі з гэтым зрабіць. Але так ня будзе.
22 чэрвеня 2016 г. Зянон Пазьняк
P.S. Калі хто цікавіцца больш падрабязна асобай Алексіевіч, прапаную лінкі артыкулаў:
http://www.bielarus.net/archives/2009/06/30/1627