НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Алексіевіч: латышы, летувісы, украінцы "самы зьнішчылі габрэяў яшчэ да таго, як пасьпелі прыйсьці немцы"

Алексіевіч: латышы, летувісы, украінцы "самы зьнішчылі габрэяў яшчэ да таго, як пасьпелі прыйсьці немцы"

Тое, што мы назіраем, сьведчыць, як і трэба было чакаць, што Алексіевіч нічога не ўсьвядоміла ў сваёй новай іпастасі і, я мяркую, ужо не зразумее ніколі. Шанц для яе страчаны. Авансы даверу былі дарэмныя (бо ілюзорныя).

Тое, што спадарыня ганебна нагаварыла нядаўна немцам, амэрыканцам і "бруклінцам" пра беларусаў, тое беларусы заўважылі. Але гэта ня ўсё. Я зьвярнуў увагу ў папярэдніх допісах толькі на беларускую тэму. Тым часам спадарыня з упэўненасьцю тэлевізійнай бабусі камэнтуе ўсё на сьвеце, нічога толкам ня ведаючы, ні ў чым сур’ёзна не разьбіраючыся. Прафанства гучыць безапэляцыйна.

Вось некалькі цытатаў гэтага тэндэнцыйнага прафанства, якое мяжуе з паклёпам.

"Я вам больше скажу. В той же, например, каратели, которые работали на территории Белоруссии, они были все из Украины. И больше того, не только в Литве, там, Латвии уничтожили, сами уничтожили евреев еще до того, как успели прийти немцы. Но это было и на Украине. И вы знаете, что делала Польша с евреями. (...) Есть разное время, и сегодня люди, живущие в Латвии, несут ли они ответственность за то, что делали их родители? В высшем смысле -- несут! В высшем смысле несут! Но я знаю, один из моих знакомых журналистов в Польше написал, что поляки делали с евреями. Поляки хуже всех относились к евреям. И в этом ксендзы прямо проповеди произносили: "Убей еврея!"

Тут ёсьць жоўтае і вялікае прафанскае "адкрыцьцё" Алексіевіч. А мы думалі, што гэта немцы габрэяў панішчылі ў газавых камэрах ды Аўшвіцах, ды расстрэльных ямах. Аж вось яно што.

Такое ўражаньне, што спадарыня ўвогуле не разумее, што яна кажа на публіку, не адчувае адказнасьці за словы. Яна цісьнецца ў палітычныя разважаньні нібы з клуба пэнсіянераў, ляпаючы свае лапідарныя "адкрыцьці".

У мяне нават нарадзілася падазрэньне, а ці ня хоча спадарыня пераняць лаўры Жырыноўскага і справакаваць, каб латышы, летувісы, украінцы ці палякі ўзбудзілі б супраць яе справу за паклёп на нацыю (а тут стоадсоткавы паклёп), і тады яна будзе паказвацца перад сьветам у якасьці ахвяры, выказваць свае хваравітыя меркаваньні і цешыцца падтрымкай такіх дылетантаў, як яна. На Захадзе піярскія спэктаклі такога жанру -- не навіна. Але для Алексіевіч тое сталася б горкай навучкай.

Усё аднак выглядае прасьцей. Тут проста недалёкасьць розуму і непераадольнае жаданьне прыдумваць тое, чаго не было.

Вось характэрная ілюстрацыя такіх яе паводзінаў з таго ж бруклінскага выступу: "Вот мы в 90-е бегали по улицам и говорили: "Свобода", "Свобода", но никто понятия не имел, что это такое. То есть свободных людей не было." Гэта, як і ўсе свае прыдумкі, спадарыня гаворыць спакойненька, манатонна, без экзальтацыі, але кожнае слова -- хлусьня.

Ня бегала спадарыня па вуліцах (і ніхто ня бегаў), і не крычала "свабода". Яна ніяк ня ўдзельнічала ў беларускім дэмакратычным Вызвольным Руху і нідзе ў гэтым не была заўважана. Адзіны выпадак (пра які мала хто ведае), калі яна была зафіксавана, гэта 19-га чэрвеня 1988 года, калі беларусы, насуперак камуністычнай уладзе, арганізавалі першае ў савецкай Беларусі масавае шэсьце і мітынг у толькі што адкрытых Курапатах. (У Курапаты прышло каля дзесяці тысяч людзей.)

Насуперак народнаму мітынгу камуністы (гаркам партыі) наладзілі ў гэты ж дзень свой намэнклятурны антыкурапацкі мітынг на плошчы ля Опэрнага тэатру, куды сабралі прызначаных асоб. Вось там і была заўважана нікому не вядомая Алексіевіч, якая давала інтэрв’ю ў падтрымку КПСС. Нарэзкі гэтага альтэрнатыўнага камуністычнага мітынгу паказвалі па тэлебачаньні. (Можа, дзе і цяпер там валяюцца, калі лукашысты ня выкінулі.)

Не казала яна "свабода", бо ня мела такога паняцьця. Яно ў яе было іншае. А свабодныя людзі былі. Іх было вельмі шмат -- сотні тысячаў. Яны падтрымалі Народны Фронт, які рэалізаваў гэтую барацьбу за свабоду ліквідацыяй ўлады КПСС і гістарычным дасягненьнем дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, якая існуе па сёньняшні дзень. А тое, што беларусам не ўдалося ўтрымаць уладу і замацаваць свабоду, -- гэта ёсьць трагедыя нашай нацыі ў вечнай барацьбе з імпэрскай Масквой. Гэтая барацьба прадаўжаецца. Яна расьцягнулася на цэлыя пакаленьні. Але перамога будзе на баку Беларусі разам з Украінай.

"Рабскую мэнтальнасьць" (якую навешвае беларусам Алексіевіч) у гэтым змаганьні выяўляе ня наш народ, але толькі сама маргінальная Алексіевіч, якая ня мае ніякага дачыненьня да нашай барацьбы за нашу свабоду.

 

27 чэрвеня 2016 г.                                                                                                        Зянон ПАЗЬНЯК

 

 

 

P.S. Калі хто цікавіцца больш падрабязна асобай Алексіевіч, прапаную лінкі артыкулаў:

http://www.bielarus.net/archives/2009/06/30/1627

http://www.bielarus.net/archives/2009/07/15/1633

http://pazniak.info/page_garbataga_magila_nja_vypravic

http://pazniak.info/page_quotnya_buduts_nam_plyavats_u_tvarquot

Дадаць у: